Суд асудзіў адміністратара тэлеграм-канала «23.34» Віктара Савашэвіча на 11 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паведамілі ў прэс-службе Генпракуратуры.
«Генеральная пракуратура падтрымала ў судзе дзяржаўнае абвінавачанне па крымінальнай справе ў дачыненні да ўдзельніка арганізаванай групы, які стварыў і адміністраваў Telegram-канал „23.34“, на якім размяшчалася дэструктыўная інфармацыя ў дачыненні да суддзяў Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Мужчына прызнаны вінаватым у наўмысных дзеяннях, скіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама ў дапамаганні наўмысным дзеянням адміністратараў і ўдзельнікаў шэрагу іншых дэструктыўных тэлеграм-каналаў, якія былі скіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці і пацягнулі цяжкія наступствы.
На падставе ч. 3 арт. 130, ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК Беларусі Савашэвіча асудзілі на 11 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.
Варта адзначыць, што аб абставінах затрымання Віктара Савашевича і падрабязнасцях узбуджанай супраць яго крымінальнай справы нічога не вядома.