Рэпрэсіі ў Беларусі доўжацца ўжо больш за тры гады. У краіне на момант публікацыі тэксту 1503 палітвязні, рэгулярна адбываюцца ператрусы, арышты і суды. І, здаецца, улады зусім не збіраюцца змяншаць абароты. За што цяпер затрымліваюць людзей, якія даюць тэрміны і хто ў зоне рызыкі? Пагаварылі пра гэта з юрыстам праваабарончага цэнтра «Вясна» Паўлам Сапелкам.
«Больш за 300 выпадкаў рэпрэсій штомесяц»
Апісваючы сітуацыю з адміністрацыйнымі арыштамі, Павел Сапелка адзначае: размах пераследу па-ранейшаму шырокі.
— У нас пакуль няма вынікаў за жнівень, але сярэдняя лічба — больш за 300 выпадкаў рэпрэсій штомесяц. Гэта затрыманні, адміністрацыйныя суды, — тлумачыць ён. — Мы шукаем інфармацыю самымі рознымі спосабамі і ў выніку выходзім на больш-менш аб’ектыўныя звесткі. Вядома, яны няпоўныя, але ў агульных рысах разуменне сітуацыі ёсць. Кожны месяц колькасць арыштаў можа быць крыху большай ці крыху меншай. Звычайна гэта звязана з нейкімі падзеямі. Напрыклад, нават калі няма ніякіх мерапрыемстваў на Дзень Волі ў сакавіку, гэтая дата ўсё роўна трыгерыць сілавікоў, і людзей затрымліваюць. Таму казаць, што рэпрэсіі ўзмацняюцца, складана. Але яны дакладна не слабеюць.
На сайце «Вясны» гаворыцца, што праваабаронцам вядома мінімум пра 409 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага пераследу ў чэрвені гэтага года і пра не менш чым 350 выпадкаў у ліпені. Сярод самых частых артыкулаў Павел называе 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і 24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
— Астатнія радзейшыя, — працягвае суразмоўца. — Напрыклад, нейкія палітычна актыўныя дзеянні могуць кваліфікавацца як хуліганства. А калі наогул няма за што караць, то выкарыстоўваюць артыкул 24.3 — непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы.
Асноўнай прычынай затрыманняў па «адміністратыўках» эксперт называе маніторынг сілавікамі сацыяльных сетак. Але можа здарыцца і наадварот: людзей падазраюць у нечым іншым, а потым знаходзяць падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы ці фатаграфіі з пратэстаў.
— Нейкіх стандартных рашэнняў няма, — адзначае Сапелка. — Калі браць спіс спагнанняў, камусьці даюць трое сутак, камусьці — пяць, дзесяць, дваццаць. Разнастайнасць захоўваецца. Прычым праз тое, што змянілі заканадаўства, цяпер вельмі распаўсюджаныя і арышты да 30 сутак па артыкуле 24.23 КаАП. Усё яшчэ здараюцца перазатрыманні. Проста некаторыя становяцца вядомыя, а пра нешта мы не ведаем. У заканадаўстве ж не змянілася нічога, што б магло спыніць такую практыку. Кагосьці хочуць такім чынам пакараць, а ў іншым выпадку гэта магчымасць знайсці доказы крымінальна каральных дзеянняў.
Ёсць у «Вясны» асобная статыстыка і па рэпрэсіях у рэгіёнах.
— Традыцыйна «лідзіруюць» Віцебская, Гродзенская і Брэсцкая вобласць, — расказвае Павел Сапелка. — Час ад часу хтосьці вырываецца наперад. Але вось у Віцебскай пастаянна ідуць нейкія арышты. І, вядома, у Мінску. Да таго ж менавіта сталічныя ізалятары — прыклады персанальнай жорсткасці да затрыманых па палітычных артыкулах. А вось з рэгіёнаў мы час ад часу атрымліваем звесткі, што дзесьці ўмовы ўтрымання для такіх людзей не адрозніваюцца ад агульных.
Але часцей за ўсё, удакладняе суразмоўца, да «палітычных» ставяцца інакш. Праваабаронцам пастаянна расказваюць пра адсутнасць пасцельні, перадач, перанасяленне ў камерах. Часта да затрыманых падсаджваюць бяздомных людзей, якія не прайшлі санітарнай апрацоўкі.
«Могуць падвергнуць любому абыходжанню, і ніхто не будзе ведаць»
Збіраць штомесячныя звесткі па крымінальных справах праваабаронцам складаней, кажа юрыст «Вясны». Звесткі пра прысуды часта з’яўляюцца з затрымкамі, і больш-менш дакладную інфармацыю можна атрымаць толькі праз тры-чатыры месяцы.
— Па затрыманнях у нас няма звестак наогул, — працягвае ён. — Цяпер гэтая грань сцерлася, бо да людзей спачатку прыходзяць, а потым ужо разбіраюцца, што з імі зрабіць. Ці то пакінуць усё ў адміністрацыйным працэсе, ці то перавесці ў крымінальны, ці то проста адпусціць. Такое таксама бывае. Дапусцім, адпрацоўваюць чалавека, схапілі яго, запатрабавалі паказаць тэлефон. Ён пярэчыць. Прыцягнулі ў аддзел. Чалавек ужо зразумеў, што ўсё кепска, даў доступ да тэлефона, а там нічога не знайшлі. Яму сказалі, што «цяпер мы за вамі сочым», і адпусцілі. Дарэчы, такое часта бывае са СМІ, якія яшчэ застаюцца ў Беларусі. Забіраюць людзей, адбіраюць тэхніку, а потым адпускаюць. Ці выльецца гэта ў адміністрацыйную або крымінальную справу — пытанне шанцавання.
Пра тое, як менавіта адбываюцца затрыманні, інфармацыі ў праваабаронцаў няшмат, адзначае суразмоўца: у многіх выпадках звесткі ёсць толькі пра сам факт. Пры гэтым любы гвалт у гэтым выпадку юрыст называе празмерным, бо падставаў для яго папросту няма.
— Лідарам па-ранейшаму застаецца ч.1 арт. 342 КК (Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Усе гэтыя гісторыі ў асноўным з 2020-га, — кажа Павел Сапелка. — То-бок дагэтуль працягваецца пераслед людзей, якія выходзілі тры гады таму. Часам бывае, што затрыманыя ўжо падвяргаліся адміністрацыйным спагнанням за тыя ж эпізоды, часам яны маглі ні разу не трапляць у поле зроку ўладаў. Паводле нашай статыстыкі, часцей затрымліваюць апошніх, але важна адзначыць, што ў нас могуць быць няпоўныя звесткі. Потым ідзе адказнасць за абразу і паклёп на Лукашэнку, абразу службовых асоб, суддзяў. Як правіла, гэтых артыкулаў у статыстыцы стабільна шмат. Таксама судзяць паводле арт. 130 КК за распальванне «сацыяльнай варожасці». Гэта звязана з выказваннямі на адрас прадстаўнікоў улады. І яшчэ цяпер кваліфікуюць як распальванне варожасці па нацыянальнай прыкмеце выказванні супраць вайны і агрэсіўных дзеянняў Расіі.
Наступная група самых распаўсюджаных артыкулаў, дадае юрыст, — гэта тыя, дзе ў назве ёсць слова «экстрэмізм». То-бок усё звязанае са спрыяннем і фінансаваннем экстрэмісцкай дзейнасці. Такія прысуды, паводле звестак «Вясны», рэгулярна сустракаюцца цягам месяца. Як і выпадкі пакарання за здзек з дзяржаўных сімвалаў па арт. 370 КК.
— Па-ранейшаму прысуды размяркоўваюцца даволі раўнамерна, — удакладняе суразмоўца. — Ёсць і пазбаўленне волі, і абмежаванне з накіраваннем, так званая «хімія». Іх мы разглядаем гэтаксама як рашэнні пра пазбаўленне волі. І досыць шмат прысудаў пра абмежаванне волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Пра гэта яшчэ казаў генпракурор Андрэй Швед у лютым 2023 года. Тады ён заявіў, што з 2020 года абвінавачанне ў «экстрэмісцкіх злачынствах» выставілі 3645 асобам. На пазбаўленне волі асудзілі 42%, 20% — на абмежаванне волі з накіраваннем ва ўстановы адкрытага тыпу. Астатнія 38% — абмежаванне волі без накіравання, штрафы і адзінкавыя выпадкі ўмоўных прысудаў і з адтэрміноўкай.
Калі ж казаць пра ўмовы, у якіх утрымліваюцца асуджаныя, то тут Павел канстатуе пастаяннае пагаршэнне становішча.
— Пры гэтым у нас ёсць некалькі палітвязняў, пра якіх мы наогул не атрымліваем інфармацыі, — заўважае ён. — Іх утрымліваюць у недапушчальных умовах адсутнасці ўсякай сувязі з вонкавым светам. Можа, гэта выглядае не самым жорсткім парушэннем, але насамрэч з’яўляецца сур’ёзнай праблемай. Бо ў такой сітуацыі чалавека могуць падвергнуць любому абыходжанню, і пра гэта ніхто не будзе ведаць.
Многія вызваленыя расказваюць «Вясне», што палітвязняў накіроўваюць на горшыя віды работ у параўнанні з астатнімі. Таксама, дадае Павел Сапелка, практычна нікога з іх не вызваляюць умоўна-датэрмінова і не замяняюць пакаранне на мякчэйшае.
«Сумарна амаль 2,5 тысячы палітвязняў»
Хаця інфармацыя ў праваабаронцаў часта няпоўная, агулам, як сцвярджае юрыст «Вясны», яна адлюстроўвае сітуацыю ў краіне. Звесткі, якія ўдаецца сабраць (у тым ліку дзякуючы родным і блізкім затрыманых), не так моцна адрозніваюцца ад тых, якія публікуюць улады.
— Калі ўзяць крымінальныя справы, то ў лютым 2023 года генеральны пракурор паведаміў, што 3640 чалавек асудзілі па палітычных артыкулах. Нам на той час было вядома пра больш чым 3000 выпадкаў. То-бок дзесьці 20% розніцы паміж нашымі звесткамі і лічбамі ўладаў, — адзначае Павел. — Пра адміністрацыйныя арышты нам паведамляюць нераўнамерна, і гэта часта залежыць ад сітуацыі. Калі людзі адчуваюць, што трэба казаць пра іх як мага больш, то асвятляецца актыўней. Напрыклад, нашыя звесткі пра затрыманні ў лютым 2022 года былі блізкія да статыстыкі МУС. Усяго ў нас ёсць звесткі пра 3700 прысудаў з 2020 года. За апошні месяц 69 чалавек прызнаныя палітвязнямі, разам іх сёння 1506 (на момант публікацыі гэтага тэксту колькасць зменшылася да 1503. — Заўв. рэд.). І яшчэ каля тысячы чалавек ужо выйшла на волю. Сумарна амаль 2,5 тысячы палітычных зняволеных.
Большасць затрыманых, паводле звестак праваабаронцаў, застаецца без абаронцаў. Прычым як па адміністрацыйных, так і па крымінальных справах.
— Чысткі адвакатаў, якія не спыняюцца, істотна пагоршылі магчымасць атрымаць эфектыўную юрыдычную дапамогу, — заяўляе суразмоўца. — І гэта цяпер практычна немагчыма, асабліва людзям не са сталіцы ці абласных цэнтраў. Напрыклад, у некаторых раёнах альбо няма, альбо ўсяго адзін-два адвакаты. Вядома, паводле закона, калі чалавек заявіць, што яму патрэбны абаронца, то яго забяспечаць. Іншае пытанне, што мала хто бачыць у гэтым вырашальны фактар. І не ўсе могуць сабе дазволіць такія выдаткі. Да таго ж людзі запалоханыя, таму часта проста адмаўляюцца. Мы бачым, што палітычныя справы праходзяць значна часцей без абаронцаў, чым наадварот. Але каштоўнасць мае толькі эфектыўная юрыдычная дапамога, калі адвакат ведае, што такое верхавенства права. А калі ён кажа падабароннаму прызнаваць усё, бо «калі будзеш абурацца, атрымаеш яшчэ больш», карысці мала. І часам людзі прызнаюць віну, нават калі ў абставінах справы падставаў для крымінальнай адказнасці проста няма.
Улічваючы маштаб рэпрэсій, у зоне рызыкі, адзначае юрыст «Вясны», цяпер максімальна шырокая колькасць людзей.
— Гэта ўсё, хто меў тое ці іншае стаўленне да пратэснай дзейнасці, да выказвання меркавання. Да ўсяго, што так ці інакш не ўхваляецца ўладамі, — упэўнены ён. — Напрыклад, да збораў грошай і сустрэч у двары. Усё гэта — магчымыя падставы для крымінальнага пераследу. І ахвярай можа стаць практычна кожны, хто быў хоць трохі актыўны ў сваёй грамадска-палітычным і проста грамадзянскім жыцці. Акрамя таго, не выключаныя рознага кшталту выпадковасці, якіх стала вельмі шмат апошнім часам. Калі пры адсутнасці рэальных пратэсных праяваў улады шукаюць падставы, якія стаяць блізка да іх, і, напрыклад, штрафуюць людзей за фатаграфіі сцягоў, толькі падобных да БЧБ.
Чытайце таксама


