У пачатку навучальнага года Ліцэй БДУ застаўся без дырэктара. У афіцыйным тэлеграм-канале навучальнай установы з’явілася інфармацыя, што Ганна Чубарава, якая кіравала ім з 2021 года, пакідае сваю пасаду. Чаму — невядома.

У чацвер, 21 верасня, у тэлеграм-канале Ліцэя БДУ з’явіўся запіс, у якім гаворыцца: «Цяпер Ганна Сяргееўна пакідае сваю пасаду дырэктара Ліцэя», а таксама ёсць словы падзякі «за прафесіяналізм у якасці настаўніка, адміністратара і дырэктара».
Чаму дырэктарка навучальнай установы пакінула пасаду ў пачатку навучальнага года, у тэлеграм-канале не сказана. Хто ўзначаліць Ліцэй БДУ, таксама невядома. Раней з дзвюх не звязаных паміж сабой крыніц нам паступала інфармацыя, што выканаўцай абавязкаў кіраўніка прызначаная Наталля Каранкевіч, намесніца дырэктара па навучальнай рабоце. Аднак афіцыйнага пацверджання гэтых звестак пакуль няма.
Нагадаем, інфармацыя пра тое, што «ў пачатку мінулага тыдня» Ганна Чубарава «была звольненая» з пасады дырэктара Ліцэя БДУ, стала з’яўляцца яшчэ на выходных. Аднак афіцыйна яна не пацвярджалася. Адна з нашых крыніц звярнула ўвагу на тое, што Ганны Сяргееўны не было на фота са свята «Віват, студэнт БДУ!», які прайшоў 12 верасня, «хоць яна мусіла стаяць на сцэне разам з дэканамі». Пры гэтым крыніца не ведала, з чым магло б быць звязанае звальненне кіраўніцы, і называла яго «загадкавым».
Ганна Чубарава стала дырэктаркай Ліцэя БДУ ў жніўні 2021-га. Яна кандыдат біялагічных навук, дацэнт. Скончыла БДУ і з 2004 года працавала на біялагічным факультэце галоўнай ВНУ краіны. З 2010-га пачала выкладаць біялогію ў Ліцэі БДУ, і ўжо праз чатыры гады яе прызначылі загадчыцай кафедры прыродазнаўчых навук. Да таго як узначаліць навучальную ўстанову, яна пяць гадоў была намесніцай дырэктара па навучальнай рабоце.
Паводле аднаго з нашых суразмоўцаў, падчас кіраўніцтва Ганны Сяргееўны навучальная ўстанова развіталася з «вялікай колькасцю педагогаў».