У грамадстве здрада, як правіла, робіцца прадметам асуджэння і ганьбавання. Але паводле замежных даследаванняў, прыкладна 75% мужчын і 68% жанчын хаця б раз у нейкай ступені здраджвалі сваім партнёрам. «Люстэрка» паразмаўляла з беларусам і беларускай, якія даведаліся пра здраду, але змаглі яе дараваць і застацца ў адносінах (нават даволі надоўга).
Усе імёны ў тэксце змененыя.
«Усвядоміў, што партнёрка — гэта не мая ўласнасць»
Яшчэ студэнтам 35-гадовы Валянцін пачаў сустракацца з дзяўчынай — Аленай.
— Пасля інстытута яна ўладкавалася на прэстыжную працу, а я нібы так і застаўся студэнтам. Яна спрабавала мяне матываваць, каб я развіваўся, імкнуўся да нечага, але я гуляў у відэагульні і мне было ляніва нешта мяняць, — расказвае суразмоўца. — Увесь час прыдумляў сабе нейкія апраўданні, каб нічога не рабіць.
На моманту, калі Алена здрадзіла Валянціну яны былі ў адносінах ужо два гады. Паводле яго словаў, партнёрка ў выніку страціла да яго цікавасць і «захапілася нейкім замежнікам з працы».
Валянцін кажа, што выпадкова даведаўся пра гэта, калі адносіны Алены на баку зайшлі занадта далёка. Ён успамінае, што быў моцна шакаваны — не мог ні працаваць, ні есці, ні спаць.
— Тады мне здавалася што ў маім жыцці здарылася найвялікшая трагедыя. Але гневу пры гэтым я не адчуваў, — са здзіўленнем заўважае Валянцін. — Бачачы, як моцна я разбіты, яна нават узяла адгулы на працы, каб не пакідаць мяне аднаго ў такім стане. У той момант я ўсвядоміў, што партнёрка — гэта не мая ўласнасць. І калі яна так зрабіла, значыць у яе былі на гэта прычыны, бо я ведаю, што яна сапраўды вельмі добры чалавек.
Крызісны момант скончыўся тым, што Валянцін і Алена вырашылі тэрмінова з’ехаць на некалькі дзён у падарожжа, каб змяніць абстаноўку і ўсё прагаварыць. У выніку яны вырашылі працягваць адносіны.
— З часам я цалкам зразумеў яе, як зразумеў і цягу да іншага мужчыны. У ім яна шукала тое, што ленаваўся ёй даць я. Ёй было патрэбнае пачуццё абароненасці, якога я не даваў, — лічыць суразмоўца. — Я таксама разумеў, які стрэс яна адчувала праз тое, што ёй даводзілася хаваць гэта ад усіх. Яе здрада была ўчынкам адчаю, а не подласці ці абыякавасці.
Спачатку Валянцін і Алена захавалі адносіны. На думку мужчыны, той вельмі шокавы для яго момант адыграў вельмі пазітыўную ролю ў далейшым жыцці: матываваў яго стаць лепшым, моцна вырасці і па кар’ернай лесвіцы, і псіхалагічна.
— Я быў так закаханы, што быў гатовы на ўсё, каб быць з ёю. Нашае жыццё моцна змянілася ў лепшы бок: мы пераехалі ў новую кватэру, пачалі шмат падарожнічаць па краінах Еўропы і дазваляць сабе тое, чаго не маглі дазволіць раней, — кажа суразмоўца. — Але ўсё ж з Ленай мы пражылі разам яшчэ пару гадоў і рассталіся вельмі добрымі сябрамі, калі пачуцці згаслі. Мы нават да гэтага часу часам стэлефаноўваемся, нягледзячы на тое, што ў нас ужо даўно новыя рамантычныя адносіны.
«На п’яную галаву часам здараюцца памылкі…»
Цяпер Кацярыне 30 гадоў. З Сяргеем яна пачала сустракацца, калі ім было па 17. Пасля двух гадоў адносінаў нашая суразмоўніца даведалася, што партнёр ей здрадзіў.
— Ён пайшоў гуляць са знаёмымі, напіўся, «падкаціў» да нейкай дзяўчыны, і атрымалася як атрымалася. Ранкам проста прыйшоў ужо пахмельны і адключыўся, нічога не кажучы, — гаворыць жанчына. — Некалькі дзён ён маўчаў, баяўся, думаў, што я яго адразу ж пашлю. Але потым, як я разумею, сумленне яго задзяўбло, і ён вырашыў сказаць праўду.
Кацярына ўспамінае, што спачатку ў яе быў шок. Яна чакала ад Сяргея вернасці, бо сама ніколі не думала пра здраду.
— Рэч была яшчэ ў тым, што мы неяк абмяркоўвалі адкрытыя адносіны, але толькі ў тэорыі і па дамоўленасці — то-бок калі партнёр за, то ты можаш з кімсьці пераспаць, а калі не, то не, — прыгадвае жанчына. — А тут ўсё здарылася без маёй згоды. Гэта, вядома, вельмі моцны удар. Спачатку плакала і крычала, вельмі шмат віны ўзяла на сябе — што я, мабыць, нейкая кепская, несэксуальная…
Да здрадаў, паводле словаў Кацярыны, яна ставіцца кепска і лічыць, што калі партнёры вырашылі быць разам, то мусяць быць некаторыя абмежаванні.
— Я не поліаморка: рамантычныя адносіны з некалькімі людзьмі для мяне непрымальныя. Здаецца, я магла б дараваць аднаразовы сэкс, калі б гэта было па згодзе. То-бок у самім сэксе нічога дрэннага не бачу, але бачу дрэннае ў падмане свайго партнёра. Ты бярэш яго давер і б’еш ім аб сцяну, — разважае Кацярына. — Але потым я падумала, што на п’яную галаву часам здараюцца памылкі. Мой партнёр вельмі моцна перажываў, казаў, што ніколі больш не будзе так рабіць. І я вырашыла дараваць яму. Так, ён памыліўся, што паробіш, выправіць уже немагчыма. Можна толькі выбачыцца і не рабіць так у будучыні.
Нашая суразмоўніца кажа, што пасля здрады вырашыла звярнуцца да псіхолага, бо ёй самой цяжка было адысці ад эмоцый і цяжкіх пачуццяў.
— Былі некантраляваныя істэрыкі, навязлівыя думкі, што я пасля гэтага недачалавек, бо са мной так зрабілі. Спачатку былі нават суіцыдальныя думкі, — прызнаецца Кацярына. — Цяпер гэта падаецца дурным, але тады было вельмі страшна. Але дзякуючы часу і тэрапіі ўсё прайшло — на гэта мне спатрэбілася прыблізна паўгода.
Пасля здрады Кацярына і Сяргей былі разам яшчэ тры гады, але ўсе ж разышліся: проста прайшлі пачуцці.
— Ягоная здрада ў тэме нашага расставання ўвогуле не фігуравала. Калі б пачуцці заставаліся, то, безумоўна, мы былі б разам і дагэтуль, — упэўненая Кацярына. — Гэта вельмі класны чалавек, які быў са мной шмат часу і пакінуў у асноўным добры след у маім жыцці.
Тым не менш жанчына кажа, што пасля таго, як ёй здрадзілі, было цяжка пачаць новыя адносіны.
— Наступная спроба вельмі хутка скончылася: пасля Сяргея, можа, месяц ці нават менш я сустракалася з дзяўчынай. Мой недавер да новай партнёркі быў вельмі моцны, было шмат рэўнасці. Я спрабавала стрымлівацца, але ўсё ж чалавек не падпісваўся на мае псіхатраўмы, — лічыць Кацярына.
Цяпер суразмоўніца замужам. Яна гаворыць, што прапрацавала свае траўмы ад здрады і ў яе адносінах усё добра.
Ці можна захаваць адносіны пасля здрады назаўжды? І ці будзе жыццё ранейшым?
Наступствы здрады ў рамантычных адносінах могуць уключаць шок, гора, падарваную самаацэнку, няўпэўненасць у сабе, гнеў. Нярэдка яны прыводзяць да зменаў, што значна ўплываюць на жыццё, аж да трывожных разладаў і нават ПТСР. І, на думку кандыдата навук, псіхолага і аўтара кніг Стывена Стосні, калі пара хоча аднавіць адносіны, дараванне не вызваляе таго, хто здрадзіў, ад неабходнасці зноў заваёўваць давер іншага.
Стосні адзначае, што дараванне таксама не будзе азначаць апраўданне кепскіх паводзінаў і не вызваляе чалавека ад адказнасці за свой учынак. Гэта толькі адмова не датычнага да здрады боку ад імкнення караць, абурацца або таіць крыўду. Псіхолаг кажа, што самым цяжкім аспектам эмацыйнага болю звычайна робіцца пачуццё поўнага бяссілля, якое ён нараджае. Таму дараванне, па сутнасці, можа стаць вяртаннем улады над асабістым эмацыйным жыццём.
Бывае так, што людзі сябе мучаць, бо «трэба» дараваць, як вучаць, напрыклад, у хрысціянстве. Але дараваць партнёру або партнёрцы можа быць карысным для ўласнага псіхалагічнага стану і нават здароўя, лічыць Стосні. Тое самае паказалі вынікі даследавання 2016 года: высветлілася, што дараванне звязанае са зніжэннем стрэсу, а гэта, у сваю чаргу, адбіваецца на арганізме ў лепшы бок.
Дараваць ці не дараваць здраду — асабісты выбар кожнага. Тым больш што лёгкага і ўніверсальнага спосабу, які дапамог бы гэта зрабіць, няма. Аднак заходнія псіхолагі рэкамендуюць наступныя практыкі, якія могуць зрабіць перажыванне менш балючым.
Першы спосаб — напісаць ліст партнёру, які зрабіў вам балюча, і расказаць у ім пра свае перажыванні. Ліст можна і не адпраўляць: важны сам акт выказвання пачуццяў. Раней псіхолаг Ганна Матуляк раіла чытачам «Люстэрка» такі ж метад, каб выплюхнуць эмоцыі.
— Калі мы запісваем такія рэчы, яны ўжо знаходзяць сваё ўвасабленне, а мы выходзім са стану афекту: калі ў нас ёсць вельмі моцныя пачуцці і мы пачынаем іх афектыўна, то-бок празмерна эмацыйна, выказваць, — тлумачыла псіхолаг.
Другое — пагаварыць з кім-небудзь, каму вы давяраеце, або са спецыялістам. Размова з трэцім бокам можа дапамагчы зірнуць на сітуацыю па-іншаму і даць рады сваім пачуццям.
Трэцяя парада — не прыспешваеце сябе з дараваннем, калі вам усё яшчэ цяжка. Гэта можа быць няхуткі працэс — і гэта нармальна.
Чытайце таксама