У Мінску ў ноч на суботу, 9 снежня, у рэстаране Maslow 6 адбыўся пажар. Відэа таго, як разгараецца полымя і людзі выбягаюць з будынка, з’явілася ў Instagram у alika__art.
«Калі нас адрэзала ад уваходу і ў паніцы людзі выломвалі дзверы на балкон нагамі (дзверы адсоўвалася ўбок), было страшна. Дзякуй бармену, які ўсіх выратаваў», — напісала дзяўчына.
У канцы відэа чуваць гук вогнетушыцеля.
Яна сцвярджае, што «кінула ўсе сумкі на бары, прысела і папаўзла да выхаду», а ўжо там «усіх супакойвала і трымала спакой». Паводле дзяўчыны, прычына пажару ў тым, што афіцыянт высока падняў свечку-фантан, і ў выніку загарэлася тканіна на столі. Аўтарка відэа абышлася спалохам і ўдарам, таксама вопратка прапахла вогнішчам.
«У выніку пажару пашкоджаная дэкаратыўная столь. Пацярпелых няма, 30 наведнікаў самастойна пакінулі будынак. Прычына пажару — парушэнне правілаў эксплуатацыі піратэхнічнага вырабу», — гаварылася ў паведамленні МНС.
Нагадаем, на відэа, якое апублікавалі ратавальнікі, відаць, што гарэла елка, прымацаваная да столі ля барнай стойкі.