Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Надо рожать: трое, четверо, а лучше — пятеро». Лукашенко рассказал, что надо делать, чтобы в Беларусь не приглашали трудовых мигрантов
  2. Оздоровил за границей сотни тысяч детей, но сам умер от лейкемии. История человека, который спасал беларусов от последствий Чернобыля
  3. Власти готовят список самых выдающихся беларусов в истории. В него попал очень спорный человек — за его решения стыдно до сих пор
  4. «Владимир, остановитесь!» Трамп обратился к Путину после ударов по Киеву
  5. Сотні тысяч беларусаў сачылі за хлопцам, якому дзяўчына дапамагала аднаўляцца пасля страшнай аварыі. Яны разышліся
  6. Торговые сети бьют тревогу из-за нехватки популярного продукта, а чиновники ожидают возможного дефицита
  7. «Наша Ніва»: У 41 год памёр супрацоўнік мінскага АМАП
  8. Беларус попытался обменять в банке настоящие купюры, которые привез из-за границы отец, но везде отказали. Почему?
  9. Роман Протасевич, который не мог найти работу, все же нашел источник заработка
  10. Москва для прекращения огня и заключения мирного соглашения выдвигает условия, которые позволят ей вновь вторгнуться в Украину, — эксперты
  11. Новые станции рискуют всплыть из-под земли, «как корабль». На строительстве метро в Минске возникли сложности
  12. Заморозки и мокрый снег: синоптики рассказали о погоде в Беларуси в ближайшие три дня
  13. «Получаем обрывки информации». Сестра Марии Колесниковой рассказала последние новости от нее
  14. Однажды беларусы вышли на протест и остановили движение поездов. Против них грозились бросить даже союзные войска: что тогда случилось
  15. Reuters опубликовало «окончательное предложение» США Украине и РФ. Киев и ЕС представили альтернативный план
  16. В базу «тунеядцев» включают тех, кого там не должно быть. Есть категории населения, у которых повышенные шансы на такое внимание
  17. Беларусы оценили попытку властей заставить их прекратить обсуждение приезда пакистанцев. Получилось грустно и метко
  18. Что происходит с заводом, который бросили американцы, а Кочанова говорила им вслед — «пусть уходят — справимся»
Читать по-русски


Ужо больш за два гады таму 40-гадовая Аксана (імя змененае) з мужам і дзецьмі з’ехала з Беларусі і неўзабаве апынулася ў Польшчы. Цяпер яе сыну 17 гадоў, а дачцэ — пяць. Больш дзяцей муж і жонка не планавалі, але жыццё ўнесла карэктывы. Вясной 2023 года жанчына, нягледзячы на цяжкасці са здароўем, нечакана зацяжарала і незадоўга да пачатку 2024-га нарадзіла дзяўчынку. «Люстэрка» пагаварыла з беларускай і даведалася, ці цяжка было наважыцца на трэцяе дзіця, толькі-толькі асталяваўшыся за мяжой, і ў чым розніца паміж родамі ў нашай краіне і ў Польшчы.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: TUT.BY
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

«Ды як гэтая яйкаклетка наогул па той трубе дайшла?»

Яшчэ пару гадоў таму Аксана і сама б не паверыла, што стане шматдзетнай маці, а тым больш — што ёй давядзецца перажываць гэты досвед у Польшчы. Па-першае, пасля з’яўлення на свет другога дзіцяці беларусцы дыягнаставалі пасляродавую дэпрэсію. Па-другое, дачка яшчэ і аказалася з крутым характарам — высмоктвала ў бацькоў усе сілы. Ну, а калі нарэшце стала крыху лягчэй, сям’я ўжо разумела: хутчэй за ўсё, эміграцыі з палітычных прычын не ўнікнуць. Якія ўжо тут дзеці?

— Спачатку мы з’ехалі ва Украіну, дзе ў нас доўгі час не было нават дакументаў і разумення, як наогул жыць. Тым больш наш пераезд успрымаўся як нейкі часовы варыянт. Было разуменне, што мы хутка паедзем ці дадому, ці ў трэцюю краіну, — успамінае Аксана. — Так і выйшла: пасля пачатку вайны мы перабраліся ў Польшчу, і стала ўжо зусім не да думак пра яшчэ адно дзіця.

Тым больш што на спробы зачаць, паводле ацэнкі беларускі, у пары пайшло б шмат сіл, грошай і часу на паходы па дактарах.

— Пасля нараджэння першага дзіцяці я хацела яшчэ дзяцей. Але з маёй рэпрадуктыўнай сістэмай нешта здарылася: у мяне было некалькі выкідкаў, потым пазаматачная цяжарнасць, мне дыягнаставалі эндаметрыёз, выдалілі адну матачную трубу (гэты орган дапамагае яйкаклетцы трапіць з яечнікаў у матку. — Заўв. рэд.), другая засталася са спайкамі… Увогуле, мне казалі, што «свеціць» мне толькі ЭКА, — расказвае суразмоўніца.

На нейкі час Аксана перастала марыць пра дзяцей, а потым наогул развялася з мужам. Але праз некалькі гадоў яна сустрэла ўжо цяперашняга мужа.

— Я адразу папярэдзіла: дзяцей яму наўрад ці нараджу. Але зацяжарала праз некалькі месяцаў пасля нашага знаёмства! Думала: «Ё-маё, ды як гэтая яйкаклетка наогул па той адзінай трубе дайшла? Як гэта магчыма?» — кажа жанчына. — Для мяне гэта быў цуд.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: pexels.com / Nataliya Vaitkevich
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com / Nataliya Vaitkevich

Як пазней выявілася, той цуд быў не адзіным у жыцці Аксаны. Але спачатку навіна пра яшчэ адну цяжарнасць — ужо ў эміграцыі — прымусіла беларуску «плакаць тыдні два». Яна кажа, што гэта здарылася акурат пасля таго, як у яе сям'і толькі-толькі на руках аказаліся ВНЖ. Тады пары хацелася выдыхнуць і нарэшце перастаць нервавацца, але не выйшла.

— Я нават пачала шукаць варыянты зрабіць аборт у Літве ці Латвіі, глядзела сайт арганізацыі, якая дапамагае жанчынам пазбавіцца цяжарнасці ў Польшчы (там забаронена перарываць цяжарнасць нават у выпадку нежыццяздольнасці плода. — Заўв. рэд.). Але зразумела, што калі не захаваю дзіцяці, то мне будзе складана псіхалагічна. Ну, а калі захаваю, складана будзе ўсім нам, — жартуе Аксана. — Муж пакінуў права вырашаць за мной. Сказаў, што падтрымае ў любым выпадку.

Беларуска кажа, што незапланаваная цяжарнасць выклікала ў сям'і шмат размоваў праз неразуменне, што ж будзе далей. А потым падумалася: калі атрымалася зачаць яшчэ раз, значыць, хай так і будзе.

«Можна назірацца ў каго хочаш і дзе хочаш»

Паводле нашай суразмоўніцы, вядзенне цяжарнасці і сам працэс родаў за апошнія 17 гадоў у Беларусі моцна змяніўся.

— Мне здаецца, што нашыя пратаколы сталі больш падобныя да еўрапейскіх. У 2000-я нават гаворкі не ішло пра прыкладанне дзіцяці да грудзей пасля яго з’яўлення на свет, — прыводзіць прыклад жанчына. — Колькасць паходаў да гінеколага для кантролю таксама скарацілася, раней іх было больш.

У Польшчы ж, як пераканалася Аксана, усё яшчэ прасцей. Галоўнае адрозненне — у суседняй краіне неабавязкова станавіцца на ўлік па цяжарнасці ў дзяржаўных установах, каб атрымаць права на бясплатныя аналізы.

— Можна назірацца ў каго хочаш і дзе хочаш. А не хочаш — наогул не назірайся, — кажа Аксана. — Полькі, як я заўважыла, звычайна ходзяць да аднаго гінеколага ў прыватным парадку, а потым бяруць накіраванні на аналізы ў дзяржаўных бальніцах, каб здаць іх бясплатна. Карта цяжарнасці з аналізамі ў цябе на руках — пры жаданні можаш хадзіць усе дзевяць месяцаў да дзевяці розных дактароў. У нас так не атрымаецца. Умоўна, нават пяць гадоў таму было так, што, калі ў паліклініку прынесці вынікі даследаванняў з прыватных медцэнтраў, іх маглі не прыняць і прымусіць перарабляць, пакруціўшы носам.

Для вядзення цяжарнасці ў Беларусі неабходна стаць на ўлік у паліклініцы паміж 7-м і 12-м тыднямі тэрміну — патрабаванне абгрунтоўваецца неабходнасцю медыцынскага назірання. Для гэтага жанчыне трэба прыйсці да гінеколага па месцы жыхарства і ўзяць з сабой пашпарт (ці іншы дакумент, які сведчыць асобу), а таксама дазвол на абслугоўванне ў гэтай установе аховы здароўя (калі жыць па месцы прапіскі, ён і так ёсць).

Калі жанчына становіцца на ўлік своечасова, то пасля нараджэння дзіцяці яна можа атрымаць аднаразовую грашовую дапамогу, роўную бюджэту пражытачнага мінімуму. На студзень 2024-га яна складае 405,27 рубля. Таксама пастаноўка на ўлік можа палегчыць атрыманне бальнічнага па цяжарнасці і родах у дзяржаўных установах аховы здароўя (з іншага боку, прыватныя медцэнтры з ліцэнзіяй таксама маюць права выдаваць лісток непрацаздольнасці).

Беларуска кажа, што падчас другой цяжарнасці адмовілася ад амніяцэнтэзу — працэдуры, падчас якой праколваюць жывот для ўзяцця каляплодных водаў. Іх аналіз дазваляе на раннім этапе дыягнаставаць генетычныя і храмасомныя парушэнні ў дзіцяці. У нашай краіне гэтае даследаванне лічыцца дадатковым, яго прызначаюць толькі па паказаннях. Нягледзячы на гэта, паводле суразмоўніцы, дактары палохалі яе тым, што не падпішуць неабходныя даведкі і дакументы, калі яна ад амніяцэнтэзу адмовіцца.

Пры гэтым, як успамінае Аксана, у Беларусі бывала так, што ў дзяржаўных установах не было неабходных рэактываў, таму частка аналізаў рабілася нясвоечасова ці ўвогуле не рабілася. Нашая суразмоўніца ўдакладняе: магчыма, у сталіцы такіх сітуацый менш, але яна — з абласнога цэнтра.

— Памятаю, што ў другую цяжарнасць я прапусціла праверку на таксаплазмоз і ўзровень гармонаў шчытападобнай залозы, бо не было рэактываў для аналізаў. У Польшчы ж такое ўявіць складана, — мяркуе Аксана. — Саміх праверак тут, дарэчы, менш. Напрыклад, у Беларусі здаецца кроў на сіфіліс, а ў Польшчы — не. Правяраюць толькі самае асноўнае: на ВІЧ і гепатыты, яшчэ пара тэстаў і ўсё. Нават УГД — па жаданні. На гінекалагічным крэсле доктар наогул глядзіць толькі два разы: у самым пачатку цяжарнасці і калі бярэ адзін з аналізаў ў трэцім трыместры. У нас жа глядзяць ледзь не кожны раз, калі ты прыходзіш. Што хочуць там убачыць, не ведаю.

Колькі разоў трэба прыйсці да гінеколага за час цяжарнасці, у Польшчы таксама не акрэсліваецца. І, паводле беларускі, у прынцыпе выкарыстоўваецца іншая фармулёўка — у пацыенткі «ёсць права»: права на столькі і столькі наведванняў гінеколага па дзяржаўнай страхоўцы, права на падрыхтоўчыя курсы з акушэркай і гэтак далей. Карысталася жанчына гэтым ці не, ніхто не правярае. У клінічных пратаколах нашай краіны ёсць паняцце «абавязковай яўкі» — хочаш не хочаш, але, калі ты ўжо на ўліку, трэба прыходзіць (каб, як мінімум, не выслухоўваць лекцыю ад доктара).

Яшчэ адна дэталь: у Беларусі, у адрозненне ад Польшчы, падчас родаў назіраюць, як адкрываецца шыйка маткі падчас схопак, — праверку медык праводзіць рукамі, праз похву. На думку Аксаны, сэнсу ў гэтым няшмат, а вось боль у выніку адчуваецца толькі больш інтэнсіўна.

— Таксама нашыя дактары пачынаюць адпраўляць цяжарную ў трэцім трыместры на кардыятакаграфію, дзе слухаюць сэрцабіцце плода. І так кожны візіт, — удакладняе беларуска. — У Польшчы ж ты можаш па жаданні прыехаць у бальніцу паслухаць стук сэрца адзін раз, пасля таго як паставілі папярэднюю дату родаў.

Гэта асноўныя адрозненні ў пратаколах, якія заўважыла Аксана. Але значна больш яе ўразіла стаўленне да будучых маці ў краіне-суседцы.

«У нас, каб атрымаць бальнічны, трэба даказаць, што табе кепска»

Напрыклад, у Польшчы можна ўзяць бальнічны ледзь не на ўвесь тэрмін цяжарнасці. Аксана кажа, што гэта нармальная практыка — сказаць доктару, што ты адчуваеш сябе кепска, пастаянна ванітуе, маўляў, не магу працаваць. І медык «вызваляе» жанчыну ад такой неабходнасці.

— У Беларусі ж, каб атрымаць бальнічны, бо табе кепска, трэба, скажам, вельмі пераканаўча даказаць, што табе кепска. Вядома, у нас ёсць добрыя дактары, спецыялісты, якія імкнуцца цябе зразумець, але агульнае адчуванне ад узаемадзеяння з медыкамі падчас родаў… — Аксана на пару секунд задумваецца. І працягвае: — Складана нават апісаць. Напэўна, я б сказала, на мяжы з акушэрскім гвалтам.

На кансультацыях, як кажа беларуска, гэта яшчэ не так моцна адчуваецца. Але ў цэлым ёсць адчуванне «навязвання клопату» — калі цябе спрабуюць прымусіць рабіць тое, чаго ты сама не хочаш.

— У Польшчы такога няма. Тут ты сама за сябе адказная, а доктар — гэта твой калега, які хутчэй нешта прапануе, — тлумачыць суразмоўніца. — Вось у нас можна зрабіць такія прышчэпкі, такія абследаванні — і ты можаш выбраць, трэба табе гэта ці не.

З іншага боку, разважае Аксана, такое расслабленае стаўленне напэўна выкліканае забаронай абортаў, таму ёй складана меркаваць, добра гэта ці кепска.

— Груба кажучы, навошта праводзіць кучу аналізаў — ты ўсё роўна будзеш нараджаць, нават калі дзіця ўнутры цябе ўжо памерла. Галоўнае для дактароў — даведацца, ці няма рызыкі, што памрэш ты, — кажа беларуска. — У цэлым асабіста мне такі падыход бліжэйшы. Як мінімум таму, што табе не параць мозг, калі ты не прыйшла на прыём. У Польшчы я па два месяцы магла не паказвацца дактарам, не было на гэта часу. І калі прыходзіла наступным разам, просячы прабачэння, што даўно не была, мне проста казалі: «Я ўсё разумею».

Роддом №6 города Минска, 23 июля 2018 года. Фото: TUT.BY
Радзільня № 6 горада Мінска, 23 ліпеня 2018 года. Фота: TUT.BY

Асобна Аксана закранула тэму ўзросту: першую дачку яна нараджала ў 35 гадоў у Беларусі, другую — у 40 за мяжой. І, паводле жанчыны, менавіта ў нашай краіне ёй час ад часу намякалі на ўзрост.

— Маўляў, нічога сабе, у колькі гадоў прыйшла нараджаць. У Польшчы ж я была яшчэ старэйшай, але ні слова не чула з гэтай нагоды, — каментуе суразмоўніца.

«У нас нікога не цікавіць, як табе камфортна»

І ў Беларусі, і ў Польшчы Аксана нараджала ў дзяржаўных рэгіянальных (адпаведна, абласной і ваяводскай) радзільнях. Калі ў нашых партнёрскія роды — гэта платная паслуга, то ў суседняй краіне — тое, што гарантуецца па змоўчанні. Прыйсці можна не толькі з мужам, але і з доўлай (жанчынай, якая падтрымлівае і дапамагае даглядаць дзіця), і са сваёй мамай, і нават з суседкай, запэўнівае Аксана.

— Ніхто не пытае, хто гэта і чаму ты абрала гэтага чалавека, — тлумачыць суразмоўніца. — Самі роды праходзяць у невялікім пакоі, разлічаным на адну пацыентку. Там жа ты і жывеш, пакуль у цябе схопкі. Мэбля не асабліва падобная да бальнічнай, калі не лічыць медыцынскага абсталявання, прыбіральня таксама проста ў пакоі. Ёсць фітнес-мячы, шведская сценка, дзе-нідзе яшчэ бываюць гамакі — увогуле, усё, каб неяк палягчаць дыскамфорт.

Да беларускай атмасферы ў радзільнях, прызнаецца Аксана, гэта наогул не падобна.

— Я ляжала ў вялікай палаце на чатыры ложкі, дзе, натуральна, былі іншыя жанчыны, — апісвае яна. — А каб нарадзіць, мне трэба было яшчэ самой дайсці да радзалы па калідоры. Там гарэла яркае аперацыйнае святло, стаялі два высокія гінекалагічныя крэслы — і яшчэ трэба туды ўскараскацца па лесвічцы, каб тым, хто прымае роды, было зручна. Класціся таксама трэба ў пэўнай позе. Я пытала ў беларускіх дактароў, ці можна мне размясціцца як я хачу. Адказалі, што яны недастаткова кваліфікаваныя, каб прымаць роды інакш. У Польшчы ж хоць стоячы нараджай — абы табе было лягчэй.

Роддом №1 города Минска, 12 июля 2018 года. Фото: TUT.BY
Радзільня № 1 горада Мінска, 12 ліпеня 2018 года. Фота: TUT.BY

Вялікім плюсам беларуска назвала і тое, што ў Польшчы мужу (ці іншым прысутным) не трэба рабіць ніякіх даведак, каб быць побач з будучай мамай. Паводле яе, менавіта гэта раней спыняла яе ад ідэі партнёрскіх родаў у Беларусі.

— Праўда, цяпер перажыць гэты досвед цалкам таксама не выйшла: я нарадзіла літаральна праз паўгадзіны пасля выезду ў радзільню. Як у амерыканскіх фільмах, уварвалася ў прыёмнае аддзяленне, — жартуе Аксана. — Мяне паспелі толькі спытаць, якія гэта роды. Пасля слова «трэція» хутка пагрузілі на каталку і адправілі ў радзалу — распраналі мяне ўжо на дарозе туды. Усё прайшло літаральна за дзве хвіліны.

Больш за ўсё жанчыну прыемна здзівіла тэмпература ў польскай радзале: яна была камфортнай, і ёй не даводзілася мерзнуць. А яшчэ спадабалася, што асвятленне было прыглушанае. У Беларусі ж Аксану абодва разы літаральна калаціла ад таго, што было недастаткова цёпла, а яркае святло яе раздражняла.

— Гэта зноў, напэўна, пытанне стаўлення да парадзіх. У нас нікога не цікавіць, як табе камфортна, хочаш ты так ці сяк. Ды і наогул ад польскіх медыкаў я ні разу не пачула каментароў у духу «чаго ты там стогнеш», «хопіць крычаць». У нас жа такое кожны раз было, — кажа беларуска. — Тут, наадварот, падтрымліваюць, не загадваюць, а просяць і тлумачаць, якія маніпуляцыі робяць з табой і дзіцем.

«У Польшчы ёсць разуменне, што роды — інтымны працэс»

Нованароджаную дзяўчынку Аксане аддалі адразу пасля родаў. У Беларусі, паводле яе ўспамінаў, дзіця даюць толькі ненадоўга патрымаць, а потым адразу забіраюць на пару гадзін. Жанчына, якая толькі што нарадзіла, тым часам можа ляжаць адна на каталцы, нярэдка — у калідоры.

— Тут жа муж прыйшоў да мяне ў радзільню — там мы прабылі разам з дачкой яшчэ каля трох гадзін. Пасля гэтага мяне перавялі ў двухмесную палату, таксама з асобным душам і прыбіральняй. Калі дачку забіралі на розныя замеры, абследаванні, то пра гэта акушэркі заўсёды паведамлялі, каб я ведала, дзе маё дзіця. Часта пыталі, ці трэба прынесці абязбольвальныя таблеткі, ці ёсць у мяне нейкія скаргі, — пералічвае Аксана. — Яшчэ акушэркі ў кожнай мамы пыталі, якую інфармацыю ў цэлым пра дзіцячае здароўе і назіранні за малымі ў будучыні нам хочацца даведацца, каб запрасіць патрэбнага доктара. У мяне і маёй суседкі гэта былі не першыя роды, таму мы адмовіліся — нас больш і не турбавалі.

Так выглядит палата в Польше, в которой женщины находятся с ребенком до выписки. Фото предоставлено собеседницей «Зеркала»
Так выглядае палата ў Польшчы, у якой жанчыны знаходзяцца з дзіцем да выпіскі. Фота ад суразмоўніцы «Люстэрка»

У такім падыходзе, лічыць Аксана, ёсць і мінусы. Напрыклад, ёй падалося дзіўным, што ў Польшчы зусім не надалі ўвагі псіхалагічнаму стану парадзіх. Паводле яе ўспамінаў, у Беларусі пасля родаў хаця б адна кансультацыя са спецыялістам прадугледжаная — на ёй высвятляецца, у якім жанчына стане.

— Тут жа мне далі брашуры пра дзіцячыя захворванні, пра догляд дзіцяці і іншыя магчымыя пытанні, але там нічога няма пра пасляродавую дэпрэсію і тое, што яна наогул можа пачацца, — здзіўляецца Аксана. — Магчыма, гэта звязана з тым, што ў Польшчы больш развітая культура паходаў да псіхатэрапеўтаў у выпадку няважнага самаадчування — многія і так не стануць цярпець.

Харчаванне ў радзільні арганізаванае цалкам звычайна — ніякай «дыеты маці, што корміць» не прадугледжваецца. Хіба што акушэркі просяць не злоўжываць вострай ежай.

— Я чытала водгукі на сваю радзільню ў Польшчы, там некаторыя пісалі, маўляў, кармілі нясмачна. Не ведаю, мне нармальна: і гародніна былі кожны дзень, і невялікія бутэрбродзікі, і супы. Зразумела, што ежа бальнічная, але не нейкая кепская, ды і порцыі вялікія, — кажа беларуска. — Прыемна, што ўдакладняюць, ці ёсць нейкія дыягназы — у кожнай пацыенткі меню трохі адрознівалася ў залежнасці ад яе стану здароўя. Напрыклад, мне давалі яблыкі, а суседцы па палаце замест іх — салодкія булкі.

Еда в одном из польских воеводских роддомов. Фото предоставлено собеседницей «Зеркала»
Ежа ў адной з польскіх ваяводскіх радзільняў. Фота ад суразмоўніцы «Люстэрка»

Выпісваюць мамаў праз два дні, у выпадку кесарава сячэння — праз тры (у Беларусі — праз тры і пяць адпаведна). Гэтым разам Аксане давялося прабыць бальніцы на суткі даўжэй — медыкі выявілі ў нованароджанай дзяўчынкі невялікія шумы ў сэрцы і вырашылі пракансультавацца з кардыёлагам.

— Спецыяльнай залы для выпіскі тут няма, кветкі прыносіць таксама не прынята. Ужо тым больш ніякіх надпісаў на асфальце ў духу «дзякуй за сына». Усё вельмі будзённа, — заўважае беларуска. — Затое патрабуюць прынесці аўтакрэсла для нованароджаных — выпісацца без яго не атрымаецца, нават калі ў цябе няма машыны. Мяркуецца, што ты выклічаш таксі, і трэба, каб дзіця ў салоне было ў бяспецы.

Праз некалькі дзён пасля выпіскі да парадзіхі прыходзіць акушэрка і пытае, як яна сябе адчувае, ці ўсё ў парадку з дзіцем. У Беларусі так таксама прыходзяць, але, паводле Аксаны, ступень спагадлівасці персаналу зусім розная.

— Пасля атрыманага досведу захацелася, каб у Беларусі таксама былі асобныя радзалы для кожнай ці хаця б добрае стаўленне да парадзіх. Здавалася б, бальніцы, дзе я была, раздзяляе не так шмат кіламетраў, але чамусьці ў Польшчы ёсць разуменне, што роды — гэта інтымны працэс, а не праблема, з якой ты прыехала перашкаджаць медыцынскаму персаналу. Не бачу прычын, з якіх у нас не можа быць гэтак жа, — кажа Аксана. — Думаю, у платных палатах гэта і так магчыма. Але гэта мусіць быць стандартам для ўсіх, а не толькі за грошы ці для фармальнай справаздачнай карцінкі.

Чытайце таксама