Амаль 700 легкавых аўтамабіляў і 35 аўтобусаў прастойвае ў чэргах на выезд з Беларусі ў краіны Еўрасаюза. Пра гэта сведчаць дадзеныя маніторынгу Дзяржпамежкамітэта.

Самая напружаная сітуацыя назіраецца ў пункце пропуску «Брэст». Станам на 20.00 3 красавіка выезду тут чакаюць 300 легкавікоў і 38 аўтобусаў. У чатах пра перасячэнне мяжы кіроўцы скардзяцца на доўгі час чакання.
Адзін з карыстальнікаў напісаў, што прыехаў да зоны чакання перад пунктам пропуску да 13.00. За пяць з паловай гадзін яму ўдалося праехаць усяго 400 метраў. Іншыя расказваюць, што ўвечары серады ў чарзе ўсё яшчэ стаяць аўтамабілі, якія на мяжу прыехалі ў 6.00.
«У 10.00 прайшлі пашпартны кантроль у Беларусі. Заехалі на мост (які звязвае беларускі і польскі пункты пропуску. — Заўв. рэд.) у 18.38», — піша іншы ўдзельнік чата.
«Я праходжу з 02.00 да гэтага часу, прайшлі пост, стаім на польскім [баку] у чарзе», — скардзяцца ў іншым чаце.
На літоўскім кірунку стаіць 325 легкавікоў (185 — у «Каменным Логу», 140 — у «Беняконях»).
Яшчэ 50 аўтамабіляў чакае выезду ў Латвію праз «Грыгароўшчыну».
Акрамя таго, выезду з Беларусі ў ЕС чакаюць 2960 грузавікоў. 980 фур стаіць у «Беняконях», 850 — у «Каменным Логу», 830 — у «Грыгораўшчыне» і 300 — у «Казловічах» (Польшча).