Аляксандр Лукашэнка прызначыў Святлану Любецкую суддзёй Канстытуцыйнага суда. Пра гэта паведаміла 23 красавіка прэс-служба палітыка.
Разам з новай пасадай Святлана Любецкая атрымала найвышэйшы кваліфікацыйны клас 2-га рангу.
Святлана Любецкая скончыла філалагічны і юрыдычны факультэты, аспірантуру БДУ, Акадэмію кіравання. Прайшла прыступкі ад стажора суддзі да суддзі Вярхоўнага суда. Працавала суддзёй у Фрунзенскім раёне, намесніцай старшыні суда Партызанскага раёна, старшынёй суда Маскоўскага раёна. Узначальвала Галоўнае ўпраўленне арганізацыйнага і метадычнага забяспечання судовай дзейнасці Вярхоўнага суда, пісала агенцтва «Мінск-Навіны».
У 2019 годзе Любецкая стала дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. У парламенце яна ўзначальвала пастаянную камісію па заканадаўстве. Яна ў прыватнасці датычная да прыняцця змяненняў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія зрабілі больш жорсткай адказнасць за ўдзел у масавых мерапрыемствах. За гэта летам 2021 года Любецкая трапіла пад санкцыі Еўрасаюза.
У траўні 2023 года Любецкая на пару з дэпутатам Аляксандрам Амельянюком запатрабавалі ад суда ЕС зняць з іх абмежаванні, але пазоў адхілілі.