Суду аднаго з райцэнтраў Віцебскай вобласці давялося разбірацца ў перыпетыях асабістага жыцця адной сям'і. Пасля разводу мужчына нібыта раптоўна (не без дапамогі добрых сяброў) усвядоміў, што дзеці — не ягоныя. Тэст ДНК паказаў, што справа крыху складанейшая, а каб разабрацца, у ход пайшлі паказанні сяброў, аднакласніц і нават суседзяў. Застаўся герой гісторыі ў выніку з дзецьмі цм без? Дэталі сталі вядомыя з апублікаванага судовага рашэння.
Ураджэнцы невялікага райцэнтра Яўген і Марына (усе імёны выдуманыя) былі ў адносінах шмат гадоў, але адносіны гэтыя складваліся па-рознаму. Некалькі гадоў таму пара развялася. Ініцыятарам быў мужчына: ён абвінавачваў Марыну ў нявернасці.
Муж і жонка гадавалі дзвюх дачок. Падчас разводу Яўген не выказваў ніякіх сумневаў, што менавіта ён — бацька дзяўчат. Больш за тое, нават пагражаў пазбавіць маці бацькоўскіх правоў і забраць дачок да сябе, бо Марына, на яго думку, кепска выконвала матчыныя абавязкі. Але далей за пагрозы справа не пайшла, дзеці засталіся з маці, а з мужчыны спагналі аліменты.
І раптам, калі старэйшай дачцэ ўжо было 17 гадоў, ён падаў у суд пазоў пра аспрэчанне бацькоўства і запатрабаваў выкрасліць яго імя з пасведчанняў пра нараджэнне абаіх дзяцей. На той момант у яго, дарэчы, сабраўся доўг па аліментах — амаль 2700 рублёў.
Адсутнасць вонкавага падабенства
У сваім пазове Яўген адзначыў, што пачаў адносіны з Марынай яшчэ ў 2002 годзе і «перыядычна жыў» з ёй. У 2004-м нарадзілася дачка Насця, праз пару гадоў — Даша. З Марынай мужчына тады не быў жанаты і ў 2007 годзе добраахвотна ў ЗАГСе прызнаў бацькоўства адносна абедзвюх дзяўчат. Паводле яго, ён усё жыццё быў упэўнены, што дзеці — ягоныя, і толькі некалькі месяцаў таму ў шчырай гутарцы даведаўся ад сяброў праўду.
«Стала вядома ад знаёмых, якія паведамілі яму, што бацькі няпоўнагадовых — іншыя мужчыны, бо ў 2004 і 2006 гадах [Марына] падтрымлівала з імі адносіны. Пра адсутнасць біялагічнай сувязі паміж дочкамі адказчыцы і ім таксама сведчыць адсутнасць вонкавага падабенства», — гаварылася ў пазове.
Нечаканасць з ДНК
Каб разабрацца, дзе праўда, суд прызначыў па справе генетычную экспертызу, якую правялі ў Дзяржкамітэце судовых экспертыз.
Вынік быў не самым чаканым. Тэст паказаў, што малодшая дачка Дар’я — сапраўды дзіця Яўгена. А вось старэйшая дзяўчынка народжаная ад іншага мужчыны.
На чацвёртым месяцы
Цяпер суду важна было вызначыць, калі менавіта Яўген даведаўся пра тое, што Насця — не ягоная дачка. Бо ў 2007 годзе ён сам прызнаў бацькоўства над ёй. А згодна з артыкулам 58 Кодэкса пра шлюб і сям’ю, калі ў той момант мужчына ведаў, што дзіця чужое, то пазней ён ужо не мае права аспрэчваць сваё бацькоўства. А вось калі не ведаў — тады на падачу пазову ў суд ёсць роўна год з моманту атрымання «навіны».
У сітуацыі з Яўгенам усё аказалася няпроста. Сам мужчына сцвярджаў, што ўсе гады ён не падазраваў, што ён не бацька дзяўчат. А вось Марына запэўнівала, што ён хлусіць.
Паводле жанчыны, яны пазнаёміліся толькі ў канцы 2003 — пачатку 2004 года, яна тады была на чацвёртым месяцы цяжарнасці, Яўген пра гэта ведаў і, адпаведна, адпачатку быў у курсе, што дзіця не ягонае.
Словы Марыны пацвердзіла яе сяброўка і аднакласніца. Яны ў 2003-м разам скончылі школу, Марына паступіла ў каледж. Дзяўчаты бачыліся кожныя два тыдні, прыязджаючы дадому, і былі ў курсе жыцця адна адной. Той восенню Марына зацяжарала, ад каго — сяброўка не ведала, але дакладна не ад Яўгена, бо падчас іх знаёмства ў Марыны ўжо быў прыкметны жывот. Ён не мог не ведаць, што жанчына носіць чужое дзіця. Хоць сяброўка не была ўпэўненая, ці казала яму Марына пра тое, што цяжарная ад іншага мужчыны. Затое ёй яна расказала, што менавіта Яўген выбіраў для дзяўчынкі імя.
Пара з’ехалася толькі пасля нараджэння дзіцяці, жылі ў Марыніных бацькоў. Іх тагачасную суседку таксама запрасілі ў суд сведкай. Яна выразна заявіла, што пра тое, што не Яўген — бацька Насці, у той час было вядома ўсім вакол.
«Ён і сам мусіў пра гэта ведаць, бо такія чуткі хадзілі па ўсім горадзе», — адзначыла жанчына.
Яна бачыла, як сям’я жыве разам, як у іх нарадзілася другое дзіця. Паводле суседкі, Яўген выхоўваў дачок як бацька, да абедзвюх ставіўся заўсёды аднолькава, нікога не выдзяляючы.
Такім чынам, са словаў жанчын вынікала, што мужчына адпачатку ведаў пра тое, што не ён — бацька старэйшай дзяўчынкі, аднак прымаў яе як сваю і свядома прызнаў бацькоўства.
Каму верыць, каму не
Аднак і Яўген прывёў сведку са свайго боку. Ім выступіў той самы прыяцель, які «закінуў» яму думку пра няроднасць з дзецьмі. Паводле апошняга, калі Яўген жыў з Марынай, то ніколі не сумняваўся, што дзеці яго родныя, ён даражыў сям’ёй, хацеў пабудаваць для іх дом. А тая фатальная гутарка адбылася пасля таго, як пара рассталася, за некалькі месяцаў да суда.
І тут адбылося цікавае. Суд прызнаў паказанні сябра праўдзівымі, «бо яны паслядоўныя, несупярэчлівыя, адпавядаюць тлумачэнням пазоўніка і пісьмовым матэрыялам». А вось сведчанням жанчын пра тое, што ў момант ўстанаўлення бацькоўства Яўген ведаў, што не бацька, чамусьці вырашылі не верыць.
«Паказанні дадзеных сведак неканкрэтныя, супярэчлівыя, заснаваныя на звестках, атрыманых імі са словаў трэціх асобаў, у сувязі з чым не могуць быць верагоднымі доказамі па справе», — гаворыцца ў дакуменце.
Пры гэтым суддзя спасылаецца на тое, што адна са сведак — аднакласніца, што «сведчыць пра яе зацікаўленасць у вырашэнні спрэчкі на карысць адказчыцы» (чамусьці сябра Яўгена не палічылі зацікаўленым). А таксама гаворыцца, што жанчыны не назвалі «дакладнага часу, месца і абставінаў», пры якіх Яўген даведаўся, што не бацька Насці (хоць і яго сябар ніякай дакладнай даты не назваў).
Саламонава рашэнне
Пацверджаннем версіі Яўгена палічылі і тое, што нядаўна, падаючы заяву на развод, мужчына адзначыў, што сустракаўся з Марынай з 2002 года і абедзвюх дачок яна нарадзіла ад яго (менавіта ў той заяве ён пагражаў пазбавіць яе бацькоўскіх правоў). Хаця гэта былі толькі яго словы, суд палічыў гэта доказам таго, што да нядаўняга часу мужчына не сумняваўся ў бацькоўстве.
А ўсе сведчанні на карысць версіі Марыны, на думку суда, не былі дастатковымі доказамі таго, што на момант устанаўлення бацькоўства яе былы муж быў у курсе, што дзяўчынка не ягоная.
З улікам таго, што тэст ДНК пацвердзіў адсутнасць сваяцтва, ды і сама Марына была не супраць, каб амаль поўнагадовай дачцэ змянілі пасведчанне пра нараджэнне, суд прыняў рашэнне на карысць Яўгена. Яго пазоў быў задаволены ў дачыненні да старэйшай дзяўчынкі.
ЗАГС абавязалі выкрасліць імя ўжо не бацькі з яе пасведчання і акта пра нараджэнне Насці. А вось малодшай, Дар'і, ён так і застаўся татам. Пры гэтым з Марыны спагналі на карысць Яўгена 288 рублёў судовых выдаткаў, у тым ліку 151 рубель за экспертызу ДНК для адной з дачок.
Чытайце таксама


