Гродзенец стаў ахвярай махляроў, спрабуючы праз Instagram атрымаць візу. Падрабязнасці інцыдэнту расказалі ў МУС.
22-гадовы жыхар абласнога цэнтра планаваў адкрыць візу і з’ехаць за мяжу на заробкі. Малады чалавек у Instagram звярнуўся па дапамогу ў «візавае агенцтва» з назвай «INFOVIZA». Як адзначаюць у МУС, назва профілю «можа супадаць з добрапрыстойнай фірмай, якая не мае дачынення да злачыннай дзейнасці, зламыснікі змяняюць толькі адзін знак у імені акаўнта».
Там гродзенцу прапанавалі працягнуць камунікацыю ў Telegram з карыстальнікам «VISA CONSULTANT», які падчас дыялогу расказаў пра ўсе дэталі афармлення, кошт і тэрміны адкрыцця візы. У гродзенца атрыманая інфармацыя не выклікала ніякіх асцярогаў, а станоўчыя водгукі яшчэ больш яго пераканалі.
Прадстаўнік візавага цэнтра папрасіў заплаціць на названыя ім рэквізіты 1780 рублёў. Пасля папаўнення рахунку малады чалавек пачаў чакаць афармлення дакументаў. Праз некалькі тыдняў чакання хлопец зразумеў, што яго падманулі, і звярнуўся ў міліцыю.
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле артыкула «Махлярства».