Губернатар расійскай Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў заявіў, што на тэрыторыю Грайваранскай акругі зайшла ўкраінская дыверсійна-разведвальная група.
— На тэрыторыю Грайваранскай акругі зайшла дыверсійна-разведвальная група УСУ. Узброеныя сілы РФ разам з памежнай службай, Расгвардыяй і ФСБ робяць неабходныя захады па ліквідацыі праціўніка. Падрабязнасці буду паведамляць, — напісаў Гладкоў у сваім тэлеграм-канале.
Ён таксама паведаміў, што пасля абстрэлу вёскі Глотава Грайваранскай акругі ў раённую бальніцу дастаўленыя мужчына і жанчына з мінна-выбуховымі раненнямі. Жанчына знаходзіцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане, мужчына — у стане сярэдняй ступені цяжкасці.
— Уся неабходная медыцынская дапамога аказваецца, — заявіў губернатар.
Што адбываецца
Як піша Mash, перастрэлка з дыверсантамі ідзе ля памежнага пункта пропуску «Грайваран» у вёсцы Казінка Белгародскай вобласці. Побач з ім знаходзяцца шэсць населеных пунктаў, якія сёння з раніцы трапілі пад абстрэл. Гэта Навастроеўка-Першая, Казінка, Безымена, Добрае, Глотава і Галоўчына.
RT са спасылкай на сваю крыніцу, «блізкую да адміністрацыі населенага пункта», паведамляе, што «ўкраінскія дыверсанты» захапілі Дом культуры ў вёсцы Гара-Падол Белгародскай вобласці.
Расійскія тэлеграм-каналы з самай раніцы паведамлялі пра масіраваны абстрэл некалькіх вёсак Грайваранскай гарадской акругі Белгародскай вобласці. Пры гэтым губернатар вобласці Гладкоў заклікаў «не слухаць ворагаў» і заявіў пра «масіраваную інфармацыйную атаку» на вобласць на фоне абстрэлу Грайваранскага раёна.
Таксама Гладкоў назваў «хлуснёй» паведамленні пра тое, што ў Шабекінскім раёне рыхтуецца эвакуацыя насельніцтва.
Між тым тэлеграм-каналы Рускага добраахвотніцкага корпуса і легіёна «Свабода Расіі» паведамілі, што гэта іх байцы праніклі на тэрыторыю Белгародскай вобласці. Яны таксама публікуюць відэа, нібыта знятыя ля ўказальнікаў з назвамі населеных пунктаў Белгародчыны.
«Легіён і РДК цалкам вызвалілі н/п Казінку Белгародскай вобласці. У Грайваран зайшлі перадавыя атрады. Рухаемся далей. Расія будзе свабоднай!" — такое паведамленне размешчанае ў канале легіёна «Свабода Расіі».
Тамсама апублікаваны заклік да мясцовых жыхароў з просьбай «заставацца дома, не аказваць супраціву і не баяцца»:
«Мы вам не ворагі. У адрозненне ад пуцінскіх зомбі, мы не чапаем цывільных і не выкарыстоўваем іх у сваіх мэтах. Свабода ўжо блізка!»
Для стварэння «паласы бяспекі»
Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны ў каментары hromadske пацвердзіў, што легіён «Свабода Расіі» і Рускі добраахвотніцкі корпус праводзяць аперацыю на тэрыторыі Белгародскай вобласці. З яго словаў — з мэтай стварэння «паласы бяспекі» для абароны ўкраінскіх мірных грамадзян.
«Падзеі на Белгародчыне і іншых памежных з Расіяй тэрыторыях — вынік поўнамаштабнага ўварвання і агрэсіўнай вайны пуцінскай Расіі супраць Украіны. Так, адказнасць за гэтыя падзеі ўзялі на сябе грамадзяне РФ, а менавіта сілы РДК і легіёна «Свабода Расіі». Я думаю, што мы ўсе толькі можам прывітаць рашучыя дзеянні апазіцыйна настроеных грамадзян Расіі, якія гатовыя да ўзброенай барацьбы са злачынным рэжымам Пуціна», — заявіў прадстаўнік ГУР.
Рускі добраахвотніцкі корпус — сфармаванае ў жніўні 2022 года падраздзяленне расійскіх добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну.
Легіён «Свабода Расіі» — вайсковае падраздзяленне, сфармаванае з расійскіх ваеннапалонных і добраахвотнікаў, якія перайшлі на бок Украіны.