У Міністэрстве абароны Расіі сцвярджаюць, што адбіваюць атакі УСУ на Чырвона-Ліманскім, Данецкім і Паўднёва-Данецкім напрамках. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што на Ліманскім, Бахмуцкім і Мар'інскім напрамках за суткі адбылося 38 баявых сутыкненняў з праціўнікам. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны лічаць, што Беларусь наўрад ці зможа стаць надзейным прытулкам для Яўгена Прыгожына і наймітаў, якія пайшлі за ім, калі Пуцін вырашыць перадумаць і абвінаваціць іх у спробе дзяржаўнага перавароту.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 489-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: Пабілі тры важныя цэлі праціўніка
Расійскія войскі за мінулыя суткі нанеслі па тэрыторыі Украіны 45 авіяцыйных удараў і правялі 38 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню, у тым ліку выкарысталі тры зенітныя кіравальныя ракеты С-300, крылатыя ракеты «Калібр» і ўдарныя БПЛА тыпу Shahed. Пра гэта паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— Армія РФ працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на Ліманскім, Бахмуцкім і Мар'інскім напрамках — за суткі тут адбылося 38 баявых сутыкненняў.
— На Северскім і Слабажанскім напрамках расійскае войска з мінамётаў і артылерыі абстраляла 26 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай абласцей.
— На Купянскім напрамку праціўнік спрабаваў наступаць у кірунку Стальмахоўкі. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам падвергліся сем населеных пунктаў Харкаўскай вобласці.
— На Ліманскім напрамку расійская армія нанесла авіяўдары ў раёнах трох населеных пунктаў, абстраляла шэсць населеных пунктаў Луганскай і Данецкай абласцей.
— На Бахмуцкім напрамку расійскія войскі вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў кірунку Багданаўкі. Нанеслі авіяўдары ў раёнах трох і з артылерыі абстралялі сем населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Аўдзееўскім напрамку войскі РФ спрабавалі наступаць у кірунку Першамайскага. Нанеслі авіяцыйныя ўдары ў раёнах Аўдзееўкі і Паўночнага. З артылерыі абстралялі 11 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Мар'інскім напрамку праціўнік вёў наступальныя дзеянні ў раёне Мар'інкі, поспеху не меў. Нанёс авіяўдар каля Краснагораўкі. З артылерыі абстраляў тры населеныя пункты Данецкай вобласці.
— На Шахцёрскім напрамку падраздзяленні Сіл абароны вызвалілі вёску Раўнаполь Данецкай вобласці. Расіяне нанеслі авіяўдары ў раёнах Прачыстоўкі, Благадатнага і Макараўкі. Абстралялі 14 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі засяроджваюць асноўныя намаганні на недапушчэнні прасоўвання УСУ. Праціўнік нанёс авіяўдары ў раёнах Ляваднага і Алешак. З артылерыі абстраляў 36 населеных пунктаў Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай абласцей і Ачакаў Мікалаеўскай вобласці.
— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла шэсць удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу расійскіх войскаў.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі пункт кіравання, 12 артылерыйскіх падраздзяленняў, раён канцэнтрацыі праціўніка, два склады боепрыпасаў і тры іншыя важныя цэлі расійскіх войскаў.

Мінабароны Расіі: Пабілі камандны пункт 10-й горна-штурмавой брыгады УСУ
«Цягам сутак Узброеныя сілы Украіны працягвалі спробы наступальных дзеянняў на Чырвона-Ліманскім, Данецкім і Паўднёва-Данецкім напрамках», — заявілі ў Міністэрстве абароны Расіі.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку падраздзяленні групоўкі войскаў «Цэнтр» адбілі дзве атакі УСУ. Ударамі авіяцыі, агнём артылерыі нанесенае паражэнне падраздзяленням 63-й і 67-й механізаваных брыгад УСУ ў раёнах населеных пунктаў Чырвоная Дзіброва, Чырвонапапоўка Луганскай вобласці і Серабранка Данецкай вобласці. Таксама ў раёне населенага пункта Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці спыненая дзейнасць дзвюх дыверсійна-разведвальных груп.
За суткі знішчаныя больш за сто ўкраінскіх вайскоўцаў, чатыры баявыя браніраваныя машыны, тры пікапы, гаўбіцы Д-20 і Д-30, а таксама дзве самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Гваздзік».
— На Данецкім напрамку падраздзяленні Паўднёвай групоўкі войскаў адбілі сем атак УСУ. Ударамі авіяцыі, агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм знішчаныя да 325 вайскоўцаў, адзін танк, тры баявыя машыны пяхоты, а таксама пяць аўтамабіляў УСУ. Акрамя таго, у раёне населенага пункта Аўдзееўка Данецкай вобласці знішчаны склад з боепрыпасамі 110-й механізаванай брыгады УСУ.
— На Паўднёва-Данецкім напрамку ў раёне Урэмеўскага выступа падраздзяленнямі групоўкі войскаў «Усход», ударамі авіяцыі, агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм адбітыя тры атакі УСУ. На Арэхаўскім тактычным напрамку расійскімі войскамі ў выніку агнявога паражэння спынены мотапяхотны ўзвод УСУ, які праводзіў разведку боем. У раёне населенага пункта Рабоціна Запарожскай вобласці спыненая дзейнасць украінскай дыверсійна-разведвальнай групы.
Агульныя страты УСУ склалі да 115 вайскоўцаў, пяць баявых браніраваных машын, у тым ліку баявая машына пяхоты Bradley, тры пікапы, а таксама гаўбіцы «Мста-Б» і Д-20.
— На Купянскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі Заходняй групоўкі войскаў пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Чырвонае Першае, Сінькоўка, Бераставое Харкаўскай вобласці, Навасёлаўскае і Стальмахоўка Луганскай вобласці. У раёне населенага пункта Агурцова Харкаўскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 60-й механізаванай брыгады УСУ.
Агульныя страты УСУ за суткі склалі больш за 30 вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, два аўтамабілі, гаўбіца Д-20, а таксама радыёлакацыйная станцыя контрбатарэйнай барацьбы AN/TPQ-36.
— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння за суткі знішчаныя да 30 украінскіх вайскоўцаў, тры аўтамабілі, а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка «Акацыя».
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 89 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і ваеннай тэхніцы УСУ ў 112 раёнах. У раёне населенага пункта Аўдзееўка Данецкай вобласці знішчаны вузел сувязі 110-й механізаванай брыгады УСУ. У раёне населенага пункта Выемка пабіты камандны пункт 10-й горна-штурмавой брыгады УСУ.
Сродкамі СПА перахопленыя два рэактыўныя снарады сістэмы залпавага агню HIMARS. Знішчаныя шэсць беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: Спробы Прыгожына пераканаць Пуціна ў сваёй лаяльнасці відавочна праваліліся
Уладзімір Пуцін падчас выступу 26 чэрвеня даў камандзірам і байцам ПВК Вагнера магчымасць дыстанцыявацца ад узброенага мяцяжу Прыгожына, адзначае ў свежай справаздачы Інстытут па вывучэнні вайны (ISW).
Прэзідэнт Расіі выступіў 26 чэрвеня з прамовай, імкнучыся пераканаць як мага больш байцоў і лідараў «Вагнера» далучыцца да расійскага войска і працягнуць барацьбу супраць Украіны, заўважаюць эксперты. Пуцін асудзіў арганізатараў мяцяжу як здраднікаў. Падзякаваў расійскаму грамадству і расійскім сілавікам за абарону суверэнітэту Расіі і Аляксандру Лукашэнку — за пасярэдніцтва ў перамовах. Пры гэтым Пуцін хоць і ні разу не назваў прозвішча Прыгожына, ягоная прамова не пакідае прасторы для збліжэння з кіраўніком ПВК Вагнера, кажуць у ISW.
Што да далейшага лёсу прыгожынскай ПВК, то аналітыкі адзначаюць наступныя моманты:
— Пуцін высока ацаніў працу камандзіраў ПВК Вагнера, імаверна, спрабуючы захаваць іх, бо кампанія інтэгруецца ў Мінабароны;
— здольнасць Мінабароны захаваць як мага больш цяперашніх камандзіраў «Вагнера» ў працэсе інтэграцыі і падпарадкавання, імаверна, мае вырашальнае значэнне для падтрымання баяздольнасці і маральнага духу ўсёй ПВК;
— тое, што Пуцін не арыштаваў камандзіраў ПВК Вагнера за здраду, сведчыць пра ягоную патрэбу ў навучаных і эфектыўных кадрах, і не толькі ва Украіне. Так, міністр замежных справаў Расіі Сяргей Лаўроў запэўніў сваіх замежных калегаў 26 чэрвеня, што «Вагнер» працягне аперацыі ў Малі і Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы;
— пакуль не ясна, як Крэмль зюіраецца інтэграваць вагнераўцаў у сваю вайсковую структуру. Ён можа распусціць сілы ПВК, якія дзейнічаюць ва Украіне, і ўзмацніць імі наяўныя вайсковыя фармаванні, або прымусіць запісацца ў ПВК, звязаныя з Мінабароны Расіі. Крэмль можа прыняць рашэнне захаваць структуру ПВК, але толькі задзейнічаныя ў аперацыях у Афрыцы або на Блізкім Усходзе, і расфармаваць групоўкі «Вагнера» ва Украіне.
Пры гэтым у Інстытуце не выключаюць, што некаторыя найміты могуць пайсці ўслед за Прыгожыным у Беларусь. На думку экспертаў, Лукашэнка можа паспрабаваць выкарыстоўваць байцоў Прыгожына, каб ураўнаважыць «даўнія намаганні Расіі для ўсталявання пастаяннай вайсковай прысутнасці ў Беларусі». Пры гэтым яны адзначаюць, што пакуль застаецца незразумелым, ці ўдасца Лукашэнку «інтэграваць Прыгожына ў сваёй краіне» і ці хопіць яму смеласці адмовіць Расіі ў патэнцыйных патрабаваннях пра экстрадыцыю кіраўніка ПВК.
Яны лічаць, што Беларусь не стане надзейным прытулкам байцам Прыгожына, калі Крэмль пачне ціснуць на Беларусь. І не выключаюць, што заявы Пуціна могуць быць пасткай.
Крэмль, хутчэй за ўсё, будзе лічыць здраднікамі байцоў ПВК, якія пойдуць за Прыгожыным у Беларусь, кажуць у Інстытуце. Яны называюць характэрным прызнанне Пуціна ў тым, што ён даў асабістае абяцанне, што супрацоўнікі «Вагнера», якія адправіліся ў Беларусь, будуць там у бяспецы. Доўгатэрміновая каштоўнасць гэтага абяцання сумнеўная, упэўненыя ў ISW. Найміты ПВК Вагнера ў Беларусі наўрад ці будуць у бяспецы, калі Пуцін перадумае і вырашыць іх абвінаваціць у дзяржаўнай здрадзе.
Эксперты таксама звяртаюць увагу на заяву Прыгожына, які паспрабаваў пераменшыць значэнне свайго паўстання, імаверна, імкнучыся абараніць сябе ад абвінавачанняў у спробе дзяржаўнага перавароту. Спробы Прыгожына пераканаць Пуціна ў сваёй лаяльнасці відавочна праваліліся, бо прэзідэнт РФ ахарактарызаваў узброены мяцеж як спробу шантажу і асудзіў яго арганізатараў як здраднікаў, адзначаюць аналітыкі. Пакідаючы Шайгу на пасадзе міністра абароны, Крэмль дэманструе, што Пуцін не пойдзе на шантаж Прыгожына, кажуць у ISW.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- украінскія войскі працягвалі контрнаступальныя дзеянні і па стане на 26 чэрвеня прасунуліся як мінімум на двух участках фронту;
- украінскія і расійскія сілы працягвалі наземныя атакі ў раёне Бахмута, і, як паведамляецца, па стане на 26 чэрвеня ўкраінскія сілы прасунуліся наперад;
- расійскія войскі правялі абмежаваныя наземныя атакі на паўночны захад ад Сватава і на поўдзень ад Крамянной;
- расійскія сілы правялі абмежаваныя наземныя атакі ўздоўж лініі Аўдзееўка — Данецк;
- украінскія і расійскія сілы працягвалі сутычкі ў раёне адміністрацыйнай мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей, і па стане на 26 чэрвеня ўкраінскія сілы дамагліся поспехаў;
- расійскія крыніцы сцвярджалі, што ўкраінскія сілы працягвалі абмежаваныя наземныя атакі ў заходняй частцы Запарожскай вобласці;
- геалакацыйныя кадры пацвердзілі, што па стане на 26 чэрвеня ўкраінскія сілы ўтрымліваюць пазіцыі ля Антонаўскага моста на левым беразе ў Херсонскай вобласці.