Украіна гатовая абмяняць расійскі Белгарад на сяброўства ў Паўночнаатлантычным альянсе. Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэм’ерам Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн падчас візіту на авіябазу Скрыдструп 20 жніўня.
— Абмен тэрыторый? Мы гатовыя абмяняць Белгарад на нашае сяброўства ў NATO, — заявіў Зяленскі ў адказ на пытанне пра магчымасць пайсці на тэрытарыяльныя саступкі Расіі дзеля сяброўства ў NATO.
У сваю чаргу Мэтэ Фрэдэрыксэн адзначыла, што толькі Украіна мае права вырашаць, ці весці ёй перамовы пра мір і калі.
Раней падчас візіту ў Нідэрланды Зяленскі таксама выключыў магчымасць «абмену чаго-небудзь» на ўкраінскія тэрыторыі, каментуючы імавернасць мірных перамоваў з РФ.
— У нас ёсць адзін дакумент, у нас ёсць формула міру, у нас ёсць адно жаданне — мір. Мы сфармулявалі, як мы яго бачым, гатовыя да адкрытай дыскусіі з калегамі. Чым больш, тым лепш для свету, каб свет быў на адным баку. На баку справядлівага свету з поўным аднаўленнем тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, — цытуе «Украінская праўда» яго словы на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэм’ер-міністрам Нідэрландаў Маркам Рутэ.
Нагадаем, нядаўна кіраўнік апарата Генеральнага сакратара Паўночнаатлантычнага альянсу Стыян Енсэн дапусціў, што Украіна можа стаць сябрам NATO ў выпадку тэрытарыяльных саступак Расіі. Ва Украіне яму на гэта адказалі, што тэрыторыямі не гандлююць.
Пасля чыноўнік NATO назваў свае словы пра адмаўленне ад часткі ўкраінскіх тэрыторый памылкай, у самім Альянсе таксама заявілі, што цалкам падтрымліваюць суверэнітэт краіны.