Украінскія вайскоўцы зрабілі спробу прарвацца праз мяжу ў Белгародскай вобласці. Пра гэта заявіў губернатар рэгіёна Вячаслаў Гладкоў.
«З'явілася інфармацыя, што вораг спрабуе прарвацца праз мяжу Белгародскай вобласці. Паводле звестак Міністэрства абароны РФ, сітуацыя на мяжы застаецца складанай, але кантраляванай. Нашымі вайскоўцамі праводзяцца планавыя працы», — напісаў губернатар.
Паводле яго, тры населеныя пункты Белгародскай вобласці зазналі атакі УСУ. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма.
«У Белгародскім раёне ў вёсцы Пятроўка ў выніку абстрэлу пашкоджанае складское памяшканне. У вёсцы Новае Валаконаўскага раёна пасля скіду выбуховага прыстасавання з БПЛА пашкоджаны легкавы аўтамабіль. У Грайваронскай гарадской акрузе ў вёсцы Галаўчыно ў выніку дэтанацыі дрона-камікадзэ загарэўся гандлёвы аб’ект і цалкам згарэла „Газель“ у гаражы. Пажарнымі разлікамі ачагі ўзгарання аператыўна патушаныя», — заявіў Гладкоў.
Раней пра спробу прарыву ў Белгародскай вобласці паведаміў пракрамлёўскі тэлеграм-канал SHOT. Паводле звестк канала, рэгіён у раёне вёскі Нехацееўка атакавалі восем бронемашын і каля 60 украінскіх вайскоўцаў.
«На падыходзе да мяжы былі адкінутыя артылерыяй і авіяцыяй, але тыя, што схаваліся ў лесапаласе, працягваюць весці агонь», — гаворыцца ў паведамленні канала.
У сваю чаргу тэлеграм-канал Mash расказаў ужо пра 200 украінскіх вайскоўцаў і некалькі БМП у раёне Нехацееўкі. Таксама, паводле звестак канала, 300 украінскіх вайскоўцаў пачалі бой у раёне пункта пропуску «Шабекіна» ў Белгародскай вобласці.
«Паводле паведамленняў нашых крыніц, нейкіх масіраваных прарываў мяжы ў Белгародскай вобласці не фіксуецца. На ўчастку працягваюцца рэгулярныя сутычкі з малымі групамі УСУ, аднак казаць пра заход праціўніка на нашую тэрыторыю нельга», — адзначыў тэлеграм-канал WarGonzo.