Украіне неабходна даць права выкарыстоўваць заходнюю зброю, у тым ліку знішчальнікі F-16, для нанясення ўдараў па аб’ектах на тэрыторыі Расіі, калі гэтыя атакі будуць адпавядаць міжнароднаму праву, заявіла прэм’ер-міністр Даніі Метэ Фрэдэрыксэн, піша The Moscow Times.
«Мы не накладваем абмежаванняў на F-16. <…> Мы перадалі гэтыя самалёты без абмежаванняў, то-бок [дазволілі выкарыстоўваць] у адпаведнасці з міжнародным правам», — сказала Фрэдэрыксэн на палях міжнароднай канферэнцыі па бяспецы Globsec-2024 у Празе.
Украіна павінная выйграць гэтую вайну. І адзіны спосаб дапамагчы ёй у гэтым — даць Кіеву тое, у чым ён мае найбольшую патрэбу.
Да гэтага Нідэрланды дазволілі Украіне выкарыстоўваць перададзеныя ёй F-16 для ўдараў па тэрыторыі Расіі. «Мы не накладвалі ніякіх абмежаванняў на выкарыстанне і далёкасць палёту F-16 пры ўмове захавання законаў вайны», — падкрэсліў камандуючы ўзброенымі сіламі краіны Она Эйхельсхайм. Ён адзначыў, што Нідэрланды жадаюць перамогі Украіне ў вайне і прыкладаюць «усе намаганні, каб гэта адбылося».
Данія і Нідэрланды разам з Бельгіяй і Нарвегіяй уваходзяць у кааліцыю краін, якая паабяцала даць Украіне агулам 79 знішчальнікаў F-16. У прыватнасці, Данія мае перадаць 19 баявых машын, а Нідэрланды — 24. Пры гэтым прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі казаў пра неабходнасць атрымаць 120−130 знішчальнікаў для эфектыўнага супрацьстаяння Расіі ў паветры.
Раней The Times пісала, што ў канцы ліпеня Нідэрланды перадалі Кіеву першыя шэсць F-16. Галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Украіны (УСУ) Аляксандр Сырскі казаў, што знішчальнікі размесцяць «за 40 км ці больш» ад лініі фронту, каб іх не збілі расійскія сістэмы СПА. Паводле яго, гэтыя самалёты будуць эфектыўна знішчаць расійскія крылатыя ракеты, а таксама наносіць удары па наземных цэлях.
1 жніўня стала вядома, што F-16, якія прыбылі ва Украіну, ужо здзейснілі першыя баявыя вылеты — самалёты выкарыстоўвалі ў якасці сродкаў супрацьпаветранай абароны падчас расійскага масіраванага ўдару. Аднак сведчанняў таго, што іх выкарыстоўвалі для ўдараў па тэрыторыі Расіі, напрыклад. у Курскай вобласці, куды УСУ ўвайшлі 6 жніўня, пакуль няма.
У канцы жніўня паведамлялася, што адзін з нядаўна перададзеных Украіне знішчальнікаў F-16 пацярпеў крушэнне. У катастрофе загінуў вядучы ўкраінскі пілот Аляксей Месь з пазыўным Мунфіш.