У ноч на 29 кастрычніка ад расійскіх удараў пацярпелі Кіеў і Крывы Рог. Украінскую сталіцу атакавалі беспілотнікі. У Крывым Рогу балістычная ракета прыляцела ў жылы квартал. Ахвярамі гэтых атак сталі мірныя людзі.
Кіраўнік Рады абароны Крывога Рога Аляксандр Вілкул назваў мінулую ноч «трагічнай». У сваім тэлеграм-канале ён напісаў, што ўдар быў нанесены балістычнай ракетай па жылым квартале з вельмі шчыльнай шматкватэрнай забудовай. У выніку амаль разбураны трохпавярховы жылы дом, яшчэ больш за 20 дамоў пашкоджаныя. Пацярпелі таксама медустанова, школа, гаражы, аб’екты бізнесу, крамы, офісныя памяшканні.
«На месца былі скіраваныя ўсе экстранныя, медыцынскія і камунальныя службы. З дома ўдалося выратаваць пяць чалавек. На жаль, 14 чалавек пацярпелі. Дактары зрабілі ўсё, што змаглі, але ад цяжкай адкрытай чэрапна-мазгавой траўмы памёр мужчына 39 гадоў.
Цяпер у бальніцах горада знаходзіцца 10 чалавек, стан аднаго пацыента 60 гадоў цяжкі, ён у рэанімацыі, іншыя сярэдняй цяжкасці. Дактары робяць усё неабходнае», — расказаў Вілкул.
Кіеў быў атакаваны 18 разоў з пачатку месяца. Як паведамілі ў ваеннай адміністрацыі горада, «варожыя беспілотнікі заходзілі ў бок сталіцы па розных напрамках, але сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны былі выяўленыя і абясшкоджаныя». У выніку падзення абломкаў у Саломенскім раёне загарэліся жылы дом, крама і некалькі аўто. Пашкоджаная газавая магістраль.
У Святошынскім раёне пацярпеў трохпавярховы адміністрацыйны будынак.
Паводле звестак украінскай Дзяржслужбы па надзвычайных сітуацыях, раненні атрымалі шасцёра жыхароў Саломенскага раёна, адзін з іх шпіталізаваны.
Нагадаем, у Харкаве ўвечары ахвярамі расійскага ракетнага ўдару сталі чатыры чалавекі. Пашкоджаны дом дзяржаўнай прамысловасці (Дзяржпрам), унесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.