У Мінабароны Расіі заяўляюць, што спынілі спробы УСУ контратакаваць на Арцёмаўскім напрамку. Генштаб УСУ абвінавачвае РФ у распаўсюджванні дэзінфармацыі на акупаваных тэрыторыях. У Інстытуце па вывучэнні вайны адзначаюць, што Расія актыўна рыхтуецца да магчымага наступу УСУ праз Днепр.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і ад экспертаў на 278-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: праціўнік па-ранейшаму нясе значныя страты
Расійскія войскі нанеслі чатыры ракетныя ўдары па цывільных аб’ектах у Разумоўцы Запарожскай вобласці і Мусіеўцы на Днепрапятроўшчыне, больш за 50 разоў абстралялі з рэактыўных сістэм залпавага агню пазіцыі ўкраінскіх войскаў і мірныя населеныя пункты, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— На Ліманскім, Бахмуцкім і Аўдзееўскім напрамках расійскія войскі працягваюць канцэнтраваць асноўныя намаганні на вядзенне наступальных дзеянняў і абстрэльваюць з танкаў і артылерыі размешчаныя тут населеныя пункты.
— Падраздзяленні Сіл абароны адбілі атакі праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Якаўлеўка, Салядар, Бахмут, Андрэеўка, Новабахмутаўка, Вопытнае, Вадзяное, Першамайскае, Невельскае і Новаміхайлаўка Данецкай вобласці.
— Ракетныя войскі і артылерыя УСУ за суткі нанеслі ўдары па чатырох раёнах канцэнтрацыі асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі, а таксама па важным ваенным пункце расійскіх сіл.
— Пацверджанае паражэнне аб’екта расійскіх войскаў у раёне населенага пункта Энергадар: 26 лістапада былі знішчаныя 6 адзінак ваеннай тэхнікі рознага тыпу і параненыя каля 30 вайскоўцаў.
— У раёнах населеных пунктаў Палогі і Чарнігаўка Запарожскай вобласці ў выніку дзеянняў Сіл абароны каля 80 расійскіх салдат былі параненыя. Колькасць загінулых удакладняецца.
— У населеным пункце Голая Прыстань Херсонскай вобласці зафіксавана каля 30 адзінак пашкоджанай расійскай ваеннай тэхнікі.
«З мэтай дыскрэдытацыі Сіл абароны расійскія акупанты абстрэльваюць населеныя пункты, перакладаючы адказнасць на Узброеныя сілы Украіны. Акрамя таго, вораг распаўсюджвае дэзінфармацыю, што грамадзян Украіны з вызваленых тэрыторый затрымліваюць украінскія вайскоўцы для павелічэння абменнага фонду, абвінавачваючы іх у супрацоўніцтве з акупантамі», — гаворыцца ў зводцы Генштаба.

Мінабароны РФ: адбітыя атакі УСУ на чатырох напрамках
«У выніку ўдару высокадакладнай зброяй ВКС Расіі па канцэнтрацыі жывой сілы і ваеннай тэхнікі 17-й танкавай брыгады УСУ ў раёне станцыі Майсееўка Днепрапятроўскай вобласці падчас пагрузкі на чыгуначны транспарт знішчана восем адзінак бронетэхнікі і пяць аўтамабіляў. Акрамя таго, знішчана больш за 100 украінскіх вайскоўцаў», — заявілі ў Мінабароны Расіі.
— На Купянскім напрамку ў раёне населенага пункта Куземаўка Луганскай вобласці адбітая атака дзвюх ротных тактычных груп УСУ, яны адкінутыя на першапачатковыя пазіцыі ў раёне населенага пункта Бераставое Харкаўскай вобласці. Знішчаныя больш за 50 украінскіх вайскоўцаў, адзін танк, два бронетранспарцёры і пікап.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку ў раёне Серабранскага Лясніцтва Луганскай вобласці артылерыя знішчыла дзве ротныя тактычныя групы УСУ, якія збіраліся наступаць у кірунку населенага пункта Чырвоная Дыброва. Знішчана больш за 30 украінскіх вайскоўцаў, два бронеаўтамабілі і тры пікапы.
— На Арцёмаўскім напрамку чатыры ротныя тактычныя групы УСУ спрабавалі контратакаваць у кірунку населеных пунктаў Белагораўка, Бахмуцкае, Якаўлеўка і Іванград Данецкай вобласці, каб спыніць наступ расійскіх войскаў. Агнём былі спыненыя і рассеяныя. Знішчаныя да 80 украінскіх вайскоўцаў, адзін танк, тры баявыя браніраваныя машыны, два пікапы і аўтамабіль.
— На Паўднёва-Данецкім напрамку ў раёне населеных пунктаў Нясумнае і Кастрычнік Данецкай вобласці адбітыя дзве контратакі УСУ. За суткі знішчаныя звыш 50 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя бранірваныя машыны і баявая машына пяхоты.
За суткі, паводле дадзеных МА РФ, нанесеныя ўдары па васьмі пунктах кіравання, 57 артылерыйскіх падраздзяленнях, жывой сіле і ваеннай тэхніцы УСУ ў 124-х раёнах. Знішчаныя два склады боепрыпасаў, збітыя сем беспілотных лётных апаратаў, перахопленыя дзве супрацьрадыёлакацыйныя ракеты HARM.
Інстытут па вывучэнні вайны: Расія ўмацоўваецца на левым беразе Дняпра
Расійскія вайскоўцы асцерагаюцца, што ўкраінскія сілы могуць фарсіраваць Днепр і весці контрнаступальныя аперацыі ва ўсходняй частцы Херсонскай вобласці, магчыма, пагражаючы ўсім крытычна важным наземным камунікацыям ад Крыма да мацерыка, гаворыцца ў справаздачы Інстытута па вывучэнні вайны.
Расійскія сілы відавочна не разлічваюць, што змогуць перашкодзіць украінскім войскам перайсці раку, таму аддаюць прыярытэт умацаванню абароны крытычна важных ліній камунікацый на левым беразе Дняпра — капаюць траншэі і ўзводзяць супрацьтанкавыя абарончыя збудаванні кшталту «зубоў цмока», адзначаюць у ISW. Там таксама адзначаюць, што расіяне моцна ўмацавалі тэрыторыю, якая аддзяляе Кінбурнскую касу ад мацерыковай часткі Херсонскай вобласці, і ўздоўж пляжаў на поўдзень і ўсход ад паласы.
Гэтыя ўмацаванні, лічаць аналітыкі, сведчаць пра тое, што расійскія сілы не разлічваюць захаваць свае пазіцыі на самой касе ў выпадку контратакі ўкраінскіх войскаў, але збіраюцца перашкодзіць ім прасунуцца на мацерыковую частку Херсонскай вобласці і абараніцца ад дэсантнага нападу на тэрыторыі, што непасрэдна прылягаюць да злучэння касы з мацерыковай часткай Херсонскай вобласці.
Разам з тым у Інстытуце адзначаюць слабасць расійскіх абарончых збудаванняў:
— яны больш падобныя да мудрагелістых блокпастоў, чым да часткі згуртаваных абарончых ліній, які цягнуліся б праз палі і некалькі ліній камунікацый;
— яны аптымізаваныя для абароны ад украінскіх сіл, якія спрабуюць прасоўвацца ўздоўж ліній камунікацый, а не па перасечанай мясцовасці, між тым менавіта такую тактыку раней паспяхова выкарыстоўвалі ўкраінскія сілы;
— большасць умацаванняў ва ўсходняй частцы Херсона будзе вельмі ўразлівая для абыходу або акружэння, бо мае адкрытыя флангі, якія заканчваюцца пасярод поля, а таксама знаходзяцца на занадта вялікай адлегласці адно ад аднаго для аказання тактычнай падтрымкі;
— камандаванне арміі РФ, імаверна, на асноўных лініях абароны разгарнула мабілізаваных, у той час як больш дасведчаныя прафесійныя падраздзяленні разгорнутыя на другой і трэцяй лініях — што можа прывесці да хутчэйшага наступу Украіны.
«Спробы расіян падрыхтаваць шырокія абарончыя пазіцыі на ўсходзе Херсонскай вобласці, незалежна ад таго, былі яны выкананыя добра ці кепска, падкрэсліваюць крытычную важнасць гэтай мясцовасці для будучага ходу вайны», — кажуць у Інстытуце. Лініі камунікацый, якія расійскія вайскоўцы імкнуцца абараніць у гэтым рэгіёне, уключаюць амаль усе астатнія маршруты, неабходныя Расіі для вядзення ваенных аперацый на поўдні Украіны — у тым ліку дзве асноўныя магістралі, якія злучаюць мацерыковую частку поўдня Украіны з Крымам. Страта хаця б адной з іх, імаверна, ускладніла б лагістыку РФ ва ўсходняй частцы Херсонскай вобласці і заходняй частцы Запарожскай вобласці, дазволіўшы ўкраінскім сілам прасунуцца досыць блізка да другой аўтамагістралі, каб блакаваць і яе. Калі гэтыя шляхі будуць страчаныя, у Расіі застанецца толькі лінія камунікацый з Растова праз Марыупаль і Мелітопаль, які таксама знаходзіцца пад пагрозай украінскага контрнаступлення з поўначы. А замацаванне УСУ ва ўсходняй частцы Херсонскай вобласці дазволіць стварыць дадатковы імпульс для вызвалення Мелітопаля з захаду, тлумачаць эксперты.
У ISW таксама адзначаюць, што ў расійскай інфармацыйнай прасторы пачынаюць страчваць веру ў здольнасць расійскіх войскаў утрымліваць ключавыя раёны на захадзе Запарожскай вобласці, што можа сведчыць пра падрыхтоўку інфармацыйнай глебы да вываду расійскіх войскаў з гэтага раёна.
Што яшчэ адзначылі эксперты:
- украінскі Генштаб паведаміў, што расійскія афіцыйныя асобы рыхтуюцца да чарговай хвалі таемнай мабілізацыі, якая пачнецца 10 снежня ў РФ і на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны;
- расійскія ваенныя блогеры шырока крытыкавалі Федэральную мытную службу Расіі за затрымкі на мытні і канфіскацыю тавараў двайнога прызначэння, якія валанцёрскія рухі адпраўлялі расійскім узброеным сілам;
- Генштаб УСУ паведаміў, што расійскія войскі на лініі Сватава — Крамянная вядуць абарончыя аперацыі ў раёне Купянска і наступальныя аперацыі на захад ад Крамянной;
- расійскія крыніцы паведамілі, што ўкраінскія войскі працягвалі контрнаступальныя аперацыі ў напрамку Сватава і Крамянной;
- расійскія войскі працягвалі наступальныя дзеянні ў раёне Аўдзееўкі;
- расійскія войскі маглі прасунуцца ў раёне Бахмута;
- расійскія акупацыйныя ўлады працягвалі сілком вывозіць украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Луганскай вобласці ў Расію пад маркай таго, што дзецям патрабуецца спецыяльны медыцынскі догляд.